Як працуюць адкаты ў медычнай сферы. Расследаванне «Белсату»

У праграме «Давайце разбірацца» выяўляем новыя падазроныя схемы, пры дапамозе якіх грошы, вылучаныя на рэканструкцыю і будаўніцтва падшэфных абʼектаў былому міністру аховы здароўя Уладзіміру Караніку, апыналіся на рахунках прыватнікаў.

Калі браць памеры бюджэту, выдаткаванага на рэканструкцыю Менскага гарадскога анкалагічнага дыспансеру, то гэта – 153 мільёны долараў. Зрабіць рэканструкцыю можна было б і танней: варта было адмовіцца ад паслуг пасярэднікаў і правесці тэндар добрасумленна, не лабіюючы інтарэсаў адмысловых фірмаў, якія фактычна не маюць ні адмыслоўцаў, ні навыкаў, ні абсталявання.

У 2017 годзе дырэкцыя будаванага прадпрыемства ды Міністэрства аховы здароўя Беларусі абвясцілі тэндар на пастаўленне комплексу абсталявання для збору і часовага захоўвання вадкіх радыеактыўных адходаў, якія змяшчаюць радыеактыўны ёд-131, з выкарыстаннем вакуумных тэхналогіяў. Абавязковаю ўмоваю для канкурсантаў была наяўнасць рэгістрацыйнага пасведчання на медычнае абсталяванне.

«Перш за ўсё заўсёды трэба глядзець сертыфікацыю, калі сертыфікацыя напісаная такім чынам, каб перамагаў канкрэтны пастаўнік або вытворца, то гэта заўсёды выклікае дадатковыя падазрэнні», – тлумачыць эканаміст, кіраўнік праекту «Кошт ураду» Уладзімір Кавалкін.

Рэканструкцыя каналізацыі Менскага анкалагічнага дыспансеру, распачатая пад кіраўніцтвам Уладзіміра Караніка, пры дэталёвым вывучэнні закупаў і спецыфікацыяў абсталявання выклікае шмат пытанняў.

У працэсе расследавання «Давайце разбірацца» нам стала вядома, што кошт самога закупу, тэндар на які выйграла прыватная беларуская фірма «Інкамед», склаў 4 330 000 рублёў, ці каля 2 160 000 долараў.

І гэта, як распавялі нам некалькі крыніцаў, нятанна для такога абсталявання. Хоць у тэндары на сістэму каналізацыі перамагла беларуская фірма «Інкамед», без пасярэднікаў не абышлося: абсталяванне паставіла і змантажавала яго расейская фірма «Радыеізатопныя прыборы».

Дарэчы, гэты дастаўца ў беларускім цэнтры экспертызаў і выпрабаванняў атрымаў рэгістрацыйнае пасведчанне постфактум – праз год пасля абвяшчэння тэндару.

Куды знікаюць грошы на медыцыну

Пытанне: чаму сама беларуская фірма «Інкамед» не займалася закупам абсталявання і зборам сістэмы, калі яна, паводле папераў, адпавядала ўсім патрабаванням да гэтага тэндару? Каб атрымаць адказ на гэтае пытанне, мы накіраваліся ў офіс «Інкамед».

Офіс уяўляе сабой аднапакаёвае памяшканне з некалькімі працаўнікамі, якія, як мы высветлілі не надта арыентуюцца ў медычнай тэхніцы і будаўніцтве. Вось такія фірмы атрымліваюць мільённыя тэндары ад дырэкцыі будаванага прадпрыемства міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. У працэсе расследавання мы таксама выявілі, што пасля падпісання тэндара заключылі дадатковую дамову, згодна з якой кошт закупаў павялічыўся.

«Завышаны кошт кажа пра тое, што хтосьці, па-першае, хоча зарабіць, па-другое, хтосьці з закупнікаў хоча, хутчэй за ўсё, адкат. Пры сумленнае канкурэнцыі завышаных коштаў не бывае, бываюць на адсоткаў 7-10 вышэйшыя за рынкавыя, але больш як на 10 адсоткаў – гэта заўсёды вельмі падазрона, вельмі карупцыйна-ёміста», – дадае Уладзімір Кавалкін.

Пакуль у Менску такім чынам гуляюцца ў тэндары, у Оршы беларусы чакаюць адкрыцця лякарні, якая ўсё ніяк не дабудуецца з 2012 года. Яшчэ больш моцна чакаюць завяршэння працаў жыхары Мёраў: у мясцовай радзільні няма рэанімацыі ды аперацыйнае. Новае лякарні праз недахоп сродкаў у мясцовым бюджэце яны не бачаць 25 гадоў.

Таксама ў праграме «Давайце разбірацца»:

  • Катастрафічны недахоп спецыялізаваных шпіталяў у краіне, дзе штогод фіксуюць прыкладна 50 тысяч новых выпадкаў анкалагічных захворванняў.

Belsat.eu

Банер у падтрымку незалежных журналістаў.

Больш матэрыялаў

Як нафтабарон Лукашэнкі хаваецца ад санкцыяў. Расследаванне «Белсату»

«Будаўніцтва на «халяўных» участках». Расследаванне «Белсату»

Бізнес-імперыя Лукашэнкі. Расследаванне «Белсату»

Хто прыкрывае махляроў у будаўнічай сферы?

Як гаманцы Лукашэнкі ўцякаюць ад санкцый

У 2020 годзе сабралі ўсе магчымыя крызісы

«Брудная» справа ўладаў. Расследаванне «Белсату»

Улады прызналі эканамічны крызіс?