Як перажыць эпідэмію: замест імпрэзаў застаемся ўдома і вучымся гатаваць


У новым выданні шоу «Я не буду гэтага есці!» распавядаем, як прыгатаваць халадзец. Ёсць варыянты для вегетарыянцаў і незвычайны мясны, які можна зрабіць на Вялікдзень.

У праекце «Я не буду гэтага есці!» вядомыя людзі дзеляцца з намі сваймі кулінарнымі траўмамі: распавядаюць, да якой стравы не могуць дакрануцца з дзяцінства і чаму. Задача нашых шэф-кухараў Вольгі Прыгаравай і Аляксандра Чыкілеўскага змяніць рэцэпт так, каб наш герой з’еў усё да апошняй лыжкі ды папрасіў яшчэ. Напрыканцы праграмы госць абірае пераможцу кулінарнай бітвы. І гэтым разам мы накіраваліся ў Кіеў скараць страўнікі ўкраінскіх зорак.

Госць новага выдання «Я не буду гэтага есці!» – спявак і радыёвядоўца Назар Хасан (Хас), які выконвае хіп-хоп.

«Ёсць стравы, якіх я цярпець не магу, – моршчыцца ён. – Гэта салянка, халаднік і халадзец».

«З усіх вышэй пералічаных рэчаў я таксама не ем халадзец. Я не буду гатаваць халадзец!», –заяўляе Вольга Прыгарава. Такога ад вядоўцы шоу мы і самі не чакалі.

У якасці выйсця з сітуацыі Вольга Прыгарава прапануе тры варыянты «антыхаладца». Гэта гранатавае жэле (якое яна падае з багетам і паштэтам з качкі, так што сама страва, у прынцыпе, мясная), вегетарыянскі «халадзец» з гароднінай і дэсертны, з алкаголем.

А чым здзівіць Аляксандр Чыкілеўскі? «Калі я пачуў, што [са словаў Хаса – рэд.] гэта выглядае, як корм для жывёлы, я вырашыў гэты вонкавы выгляд схаваць. І мне прыйшла думка падсмажыць яго ў паніроўцы».

Гранатавае жэле:

  • сок гранатавы свежавыціснуты – 500 мл
  • вада – 500мл
  • цукар – 150 г
  • агар-агар – 2,5 лыжачкі

Вегетарыянскі «халадзец»:

  • булён з гародніны – 1 л
  • агар-агар – 2,5 лыжачкі
  • зялёны гарошак – 100 г
  • балгарскі перац – 50 г
  • таматы чэры – 150 г
  • сцябло салеры – 80 г
  • парасткі гарошку – 10 шт.

Жэле з віна з садавіной:

  • белае віно – 750 мл
  • вада – 250 мл
  • вінаград – 50 г
  • дурніцы (па-расейску – голубика) – 50 г
  • семкі гранату – 50 г
  • цукар – 150 г

Каб прыгатаваць жэле без дадатку жэлаціну, усе патрэбныя для стравы вадкія інгрэдыенты трэба давесці да кіпення, усыпаць агар-агар, зменшыць агонь і варыць, памешваючы, цягам 5–7 хвілін, пакуль маса не загусцее. Затым заслаць форму харчовай плёнкай, выкласці гародніну або садавіну (у выпадку з гранатавым жэле – нічога), заліць атрыманай вадкасцю і паставіць у лядоўню на 30 хв. Для падачы нарэзаць жэле так, як нам падабаецца і ўпрыгожыць.

Як пасмажыць халадзец у паніроўцы? І хто перамог у кулінарнай бітве? Глядзіце у новым выданні кулінарнага шоу «Я не буду гэтага есці!» (відэа ў пачатку артыкула).

Шоу «Я не буду гэтага есці!» глядзіце штонядзелю а 19:35 паводле менскага часу на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Astra 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў архіве на нашай старонцы.

Любіце гатаваць? Сачыце за абнаўленнямі на Facebook, у «Одноклассниках» і ў Instagram.

ІА, belsat.eu