Як «нефарматны» беларус навучыўся быць свабодным


Аповед пра Барыса Каробачку, які нарадзіўся ў Смалявічах. Ягоны тата з Афрыкі, а мама з беларускай вёскі. Бацькі адмовіліся ад сына.

Яго ўсынавіла школьная настаўніца з Жодзіна – Марына Сагайдарава. Яна дала яму і яшчэ чатырнаццаці цемнаскурым хлопцам сваё прозвішча. Цяпер Барыс працуе барменам у Менску. І ўжо дзесяць гадоў не хавае таго, што ён – гей.

Іншыя тэмы праграмы «Рэпартэр»:

Выспа на возеры Сялява – адно з самых загадкавых месцаў Беларусі

Па-першае, тут знайшлі старажытнае паселішча людзей – часоў жалезнага веку. Па-другое, тут жылі балцкія плямёны – продкі сучасных беларусаў, якія насялялі нашыя землі да з’яўлення тут славянаў. І па-трэцяе, праз возера Сялява пралягаў знакаміты шлях «з варагаў у грэкі».

Цяпер на выспе вядуцца археалагічныя раскопкі. І 2018 год – юбілейны: роўна 20 гадоў з моманту, калі пачалася праца. Што знайшлі за гэты час?

Двухсотгадовы касцёл, які нікому не патрэбны!

У горадзе Узда захаваўся драўляны касцёл, пабудаваны ў XVIII ст. Ён звязаны з імёнамі выбітных гістарычных дзеячаў Беларусі, напрыклад, з родам Завішаў, з Тамашам Занам ды з Янкам Купалам.

У 30-я гады мінулага стагоддзя бальшавікі гвалтоўна зачынілі касцёл і размясцілі ў ім дом культуры. Цяпер святыню і помнік беларускага драўлянага дойлідства мясцовыя ўлады спрабуюць прадаць. Цану ўжо знізілі да адной базавай велічыні, аднак усё роўна ніхто не бярэ.