Свет Як Манчэстэр перажывае трагедыю з выбухам


«New York Times» размясціла на сваёй старонцы фатаграфіі меркаваных элементаў бомбы побач з крыміналістычнай лінейкай, а таксама разарванага заплечніка, які мог належыць тэрарысту-смяротніку.

Напярэдадні амерыканскія радыёкампаніі першымі назвалі імя тэрарыста – Салмана Абэдзі 22-х гадоў. У Лондане непакояцца, што ўцечкі інфармацыі могуць перашкодзіць пошуку саўдзельнікаў Абэдзі.

«Я дам ясна зразумець прэзідэнту Трампу, што выведныя звесткі, якімі дзеляцца нашыя праваахоўныя органы, мусяць застацца забяспечанымі. Заўтра я вазьму ўдзел у саміце «Вялікай сямёркі» у Італіі, дзе буду весці дыскусію пра контртэрарызм і тое, як спыніць распаўсюд ненавісніцкай экстрэмісцкай ідэалогіі праз сацыяльныя сеткі», – заявіла прэм’ер-міністр Вялікай Брытаніі Тэрыса Мэй.

Доналд Трамп паабяцаў, што выцек інфармацыі будзе расследаваны.

Бацька Салмана Абэдзі жыве ў Лівіі, і не верыць у тое, што яго сын стаў тэрарыстам, ды адмаўляе сувязі сваёй сямʼі з любымі экстрэмістамі. Але падчас гэтага інтэрвʼю яго затрымалі лівійскія спецслужбы.

«Мы не бярэм удзелу ў гэтым, мы жылі ў нашым грамадстве, і нават мае суседзі казалі журналістам толькі добрае пра майго сына ды маю сям’ю. А яны добра ведаюць мяне і майго сына», – сказаў Рамадан Абэдзі.

Паводле брытанскіх медыяў, гэта не праўда. Яшчэ 5 гадоў таму сябры Абэдзі званілі ў паліцыю, каб паведаміць, што малады брытанец лівійскага паходжання выказвае экстрэмісцкія погляды.

«Паліцыя пацвердзіла, што восем падазраваных застаюцца пад вартаю, і ў справе ёсць прагрэс. Аднак узровень небяспекі, як ацэньвае незалежны Аб’яднаны аналітычны антытэрарыстычны цэнтр, застанецца крытычны, і грамадскасць мусіць праяўляць пільнасць», – адзначыла Тэрыса Мэй.

Паводле брытанскіх медыяў, у доме Абэдзі знайшлі цэлую майстэрню самаробных бомбаў і шмат выбухоўкі.

Вось што сказаў на гэты конт галоўны канстэбль Вялікага Манчэстэру Іян Хопкінз:

«Хачу супакоіць людзей, што арышты, якія мы зрабілі, маюць значэнне, а папярэднія вобшукі вылучылі элементы, вельмі значныя для следства».

Агулам у тэракце загінула 22 асобы, яшчэ 64 параненых застаюцца ў шпіталі. Сёння некаторых з іх наведала каралева Вялікай Брытаніі.

У цэнтры Манчэстэру цяпер народны мемарыял з кветак ды паліцыя, у тым ліку з аўтаматычнай зброяй. А ў адным з каледжаў сёння адбылася эвакуацыя з-за паведамленняў аб магчымай бомбе. Трывога аказалася фальшывай.

Глядзіце таксама:

Глядзі таксама
Каментары