Як мабільныя аператары незаўважна спісваюць тысячы рублёў з рахункаў абанентаў




Замоўце дэталізацыю сваіх мабільных рахункаў. Аператары сотавай сувязі гадамі спісваюць грошы абанентаў за падпіскі на платныя забаўляльныя сэрвісы. Тыя, хто не адсочвае плацяжы, могуць пра гэта нават не ведаць – і страціць тысячы рублёў
цягам некалькіх гадоў.

Андрэй Лапіцкі так за паўгода згубіў 160 рублёў. Спачатку ён заўважыў, што, колькі грошай на тэлефон ні пакладзе, – баланс заўсёды адмоўны. Але было лета, адпачынак, і мужчына меркаваў, што гэта выдаткі на роўмінг. Увосень захваляваўся і вырашыў падлічыць усё да капейкі.

У асабістым кабінеце на сайце ніякіх дадатковых паслугаў не падключана, падпісак няма. Замовіў дэталізацыю рахунку, там пабачыў графы з платнымі сэрвісамі.

І тады згадаў СМС, што прыходзілі з незнаёмых нумароў паўгода таму.

«Сэрвіс паспяхова падключаны. Асаблівасць у тым, што нумар невядомы, і трэба паслаць смс на нейкі нумар, – паказвае SMS Андрэй. – Адразу зразумела, што гэта нейкія ашуканцы».

У 2000-ыя часта сустракалася такое махлярства – за SMS, адпраўленае на незнаёмы нумар, спісвалі буйныя сумы. Андрэй пра тое памятаў і праігнараваў паведамленні. Але паслугі ўсе адно падключыліся. Давялося звяртацца да аператара. Праз два тыдні аператар вярнуў грошы і заблакаваў магчымасць усіх платных падпісак.

Першай рэакцыяй Андрэя было абурэнне і жаданне змяніць аператара. Аднак потым мужчына зразумеў, што нечаканыя падпіскі ёсць паўсюль.

На платную падпіску можа трапіць кожны

У Міхаіла падпіскі падчапіла дачка, хоць была праінструктаваная нікуды не лазіць і ні на што не падпісвацца. Аднак у дэталізацыі мабільнага рахунку мужчына заўважыў лішнія спісанні. Некалькі рублёў на розныя нумары. Зразумела, спачатку ні за што перапала дачцэ.

Праверыў SMS і ніякіх папярэджанняў аб падпісках не знайшоў. Потым даведаўся, што праблема распаўсюджаная: нешта не тое націснуў у сеціве – і цябе на штосьці падпісалі. А бывае, што тэлефон ляжыць на стале і сам гаспадара падпісвае. На пост-скаргу Міхаіла ў сацсетках адразу ж адрэагавалі ў «Velcom».

Грошы вярнулі. Усе ўзрадаваліся, але праз месяц сітуацыя паўтарылася – зноў пачаліся спісанні. Гэтым разам Міхаіл накіраваўся ў офіс кампаніі.

Яго папярэдзілі, што грошы вяртаюць, але апошні раз.

На наш электронны запыт у кампаніі «Velcom» адказалі, што «кампанія рэалізоўвае празрысты фармат афармлення інтэрнэт-падпісак, які прадугледжвае двайную верыфікацыю з боку абанента». То бок аператар сцвярджае, што падпісаць вас на нейкія паслугі немагчыма без вашай згоды.

Досвед нашых герояў кажа пра адваротнае. Але Міхаіл цалкам згодны, што працэс мусіць быць заўважны.

«Мы заходзім у свой асабісты кабінет, ставім гачак насупраць паслугі, нам прыходзіць SMS-паведамленне: «Вы пакінулі заяўку на падключэнне», і мы з яго карыстаемся», – марыць пра тое, як мусіць быць, Міхаіл Дзёмін.

Ускладніць працэс платных падпісак прапанавалі і іншыя пацярпелыя беларусы, склаўшы петыцыю. Бо памылковыя падпіскі нагадваюць эпідэмію. У краіне 11 мільёнаў абанентаў сотавай сувязі. Нават калі з аднаго з сотні штомесяц спісваць 3 рублі, абаненты згубяць 330 тысячаў рублёў штомесяц, ці чатыры мільёны на год.

Між тым адвакат лічыць, што юрыдычна кваліфікаваць гэтыя дзеянні як махлярства – нерэальна. На якія паслугі вы падпісаныя ды колькі мусіце плаціць, вы заўсёды можаце запытаць у мабільнага аператара. Паводле дамовы вы абавязаныя самі сачыць за станам свайго рахунку. І нават калі вы некалькі месяцаў не заўважалі падпіскі, а потым урэшце знайшлі яе – то можаце звярнуцца да аператара з патрабаваннем вярнуць вам грошы.

«Калі аператар адмаўляе ў вяртанні грошай, у вас захоўваецца права звароту ў суд. І ў гэтым выпадку пры звароце ў суд аператар абавязаны даказаць, што спажывец падпісаўся на гэтую паслугу», – тлумачыць адвакат Уладзімір Шапашнікаў.

Гэта была б гучная справа. Але аператары звычайна ідуць насустрач, грошы вяртаюць, і абаненты супакойваюцца. Першыя скаргі на падпіскі ў сеціве з’явіліся ў 2011 годзе. Мінула восем гадоў. А грошы з нас працягваюць спісваць.

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

  • Нямытая Беларусь: іржа і ночвы
  • Як дзяржава пад носам не бачыць паўмільярдны рынак
  • Беларусы плацяць, каб трапіць у іншую рэальнасць

Праграма «Асабісты капітал» цалкам:

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце.

Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках.

Падпісвайцеся на нашу рассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».