Як Лукашэнка раздае землі сябрам


Зямля ў цэнтры Менску вылучаецца не па выніках аўкцыёну, а на падставе рашэння аднаго чалавека. Мы паглядзелі, каму дастаюцца гэтыя землі і для чаго, а таксама падлічылі, колькі губляе ад гэтага бюджэт (а значыць, і мы з вамі).

Павел Белы гуляе ў хакейнай камандзе прэзідэнта. Указ прэзідэнта дазваляе кампаніі Паўла Белага «Тапас» атрымаць зямлю пад будаўніцтва элітнага жыллёвага комплексу «Алімпік парк» без аўкцыёну, платы за права арэнды і за саму арэнду.

«Можна адкрыта і з упэўненасцю казаць, што тыя людзі, якія гуляюць у хакей з прэзідэнтам або застаюцца сябрамі спартовага прэзідэнцкага клубу, маюць пэўныя прэферэнцыі», – не мае сумневу эканаміст Леў Марголін.

Расследaванні
Як улюбёныя хакеісты Лукашэнкі становяцца доларавымі мільянерамі
2020.02.27 19:05

Звычайна аўкцыён за права арэнды 1 гектару ў забудоўнікаў стартуе ад 100–200 тысяч долараў. А ў «Тапасу» – 22 гектары. Плюс ільготы на мыта і падатак на дададзеную вартасць. Лік ідзе на мільёны долараў. І гэтай ільготы не атрымаюць жыхары пабудаванага комплексу.

«Гэтая льгота нават ім не патрэбна, таму што яны яе не атрымаюць, – кажа Леў Марголін. – Яны ўсё роўна атрымаюць жыллё па рынкавых коштах. Гэта значыць, адзіны выгадаатрымальнік – забудоўнік. Гэта не той выпадак, калі павінны быць нейкія льготы. Можа быць, калі гаворка ідзе пра сацыяльнае жыллё, пра жыллё для шматдзетных…»

Ёсць яшчэ адзін ільготнік, які ставіць зусім не сацыяльныя дамы. Раён «Менск Свет» будуюць сербы, браты Карычы, уладальнікі «Dana Holdings», вядомага стварэннем жыллёвага комплексу «Маяк Менску» каля бібліятэкі. Аляксандр Лукашэнка неяк узгадаў, як яны пачыналі:

«Прыехалі, калі ў вас няпростыя былі часы. І ім было няпроста. Прыехалі, папрасілі. Кажу: для сербаў – калі ласка».

300 гектараў былога аэрапорту сербскія забудоўнікі на ўказ Лукашэнкі атрымалі таксама без аўкцыёну, з вызваленнем ад падаткаў на дададзеную вартасць, нерухомасць, прыбытак і мыта. Эканомія на дзясяткі мільёнаў долараў. Такіх умоваў не прапаноўвалі нават расейскай кампаніі «Itera», якая спачатку збіралася забудоўваць гэты раён.

Hавiны
У Менску паставілі помнік сербскаму алігарху
2020.02.22 10:58

Тым часам бізнес братоў Карычаў паказвае рэкордны прыбытак у Беларусі ды расце на 60 % за год. Як ніводны іншы забудоўнік не мае такіх ільготаў, як «Dana Holdings», гэтак і ніводны іншы гандляр, акрамя кампаніі Аляксея Алексіна «Энерга Ойл», не мае магчымасці паставіць кіёск на вуліцах сталіцы. Бо гэта не мэтазгодна, адказваюць простым прадпрымальнікам. А «Табакеркі» – мэтазгодныя. 470 кіёскаў у Менску атрымалі зямлю – зноў без аўкцыёну на права арэнды.

«Вы, напэўна, бачылі латкі з гароднінай і садавіной. Дык вось у мінулым годзе ў кастрычніку або лістападзе былі праведзены аўкцыёны. І за маленькі такі шапік – там 4 або 5 квадратных метраў – на аўкцыёне кошт даходзіў да 20 тысяч долараў. Дык гэта латок», – разводзіць рукамі кіраўнік рады РГА «Перспектыва» Анатоль Шумчанка.

А для кіёскаў арэнда магла б дасягнуць 30–40 тысяч долараў. Значыць, мы зноў не далічыліся 15 мільёнаў долараў у бюджэце. Гэта гадавы заробак паўтары тысячы бюджэтнікаў. І гэта ўсяго некалькі прыкладаў. У маштабах краіны прыхаваныя прэферэнцыі розным кампаніям выліваюцца ў буйныя сумы.

«Да канца шляху, да спажыўца, да закупак, да дзяржзаказу даходзяць тыя камерцыйныя структуры, якія маюць сваіх людзей і механізмы лабіявання. Цана гэтага пытання – штогод у беларускай эканоміцы памер ценевай карупцыйнай рэнты складае 8–10 мільярдаў долараў», – канстатуе эканаміст Яраслаў Раманчук.

Hавiны
Кампанія алігарха Алексіна атрымала права бязмытнага гандлю з Заходнім Кітаем
2019.10.22 08:24

Вядома, можна заўважыць, што нешта з тых грошай дастаецца і нам – азначаныя бізнесоўцы і кампаніі спансаруюць спорт, будаўніцтва арэнаў ці ўзвядзенне будынку новага Вярхоўнага Суда.

«Гэта згубленая выгада. Ад таго, што ў нас у Беларусі будзе 15 тысяч мільянераў, астатняя частка беларусаў не будзе мець тысячу даляраў заработнай платы, моладзь не перастане з’язджаць, бізнес малы не стане развівацца», – упэўнены эканаміст.

Кожны мянчук ведае, хто такі Юрый Чыж і што ён доўгі час касіў траву з прэзідэнтам, будаваў дамы і гатэлі ды валодаў футбольным клубам. Тое сяброўства, падаецца, скончылася – але льготы для новых сяброў засталіся.

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

  • Як прадпрымальнікаў прымушаюць плаціць за квадратныя метры, якіх не існуе
  • ВУП расце, а дабрабыт не. Чаму?
  • Спадчына знікае без дагляду

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце. Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках. Падпісвайцеся на нашу рассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».

Калаж з фота: president.gov.by і instagram.com/bogoljubkaric