Як Караткевіч змагаўся за нацыянальны блокбастар


Як прымусіць беларуса палюбіць сваё і вярнуць да сябе самапавагу? Адчуць нацыянальную годнасць? Што чакае Караткевіча – перамога ці расчараванне? І каго ў Савецкай Беларусі пераследавалі містычныя вершнікі караля Стаха? Пра ўсё гэта – у нашай новай серыі «Лабірынтаў»: «Дзікае паляванне вяртаецца!».

Стваральнік айчыннага беларускага гістарычнага дэтэктыву, рамантык і містык Уладзімір Караткевіч умеў прышчапляць суайчыннікам ген беларускасці.

«Самая папулярная і рэзанансная рэч, напісаная Караткевічам, – гэта аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха». Яна напісаная ім яшчэ ў маладосці, калі ён вучыўся ў Кіеўскім універсітэце. Гэта 1950–55 гады. Надрукаваная яна была пазней, у 1964 годзе ў часопісе «Маладосць». Што да папулярнасці Караткевіча, я выпісваў часопіс «Маладосць», прыходжу яго забіраць са скрыні, а скрыня ўзламаная, часопісу няма. Гэты часопіс на маіх вачах да сцёртасці зачытваўся», – узгадвае паэт Уладзімір Някляеў.

Малады эстэт-рэжысёр, які марыць здымаць, як Таркоўскі, але нічога не ведае пра сваю культуру. Суворы партыйны работнік, які павінен угаварыць Караткевіча напісаць сцэнар пра светлае БССР, сталі цэллю містычнага палявання. Але для гэтага было неабходна адправіцца ў незвычайна-містычнае падарожжа…

Прэм’ера фільму «Дзікае паляванне караля Стаха» адбылася 2 красавіка 1980 года. Фільм стаў падзеяй не толькі ў Савецкім Саюзе, але і на Захадзе: крытыкі Амерыкі, Канады, Францыі, Італіі параўноўвалі стужку Рубінчыка з найлепшымі працамі Роджэра Кормэна, Жана Лёрэна, Жака Турнёра. Фільм стаў лаўрэатам мноства міжнародных кінафестываляў у Францыі, Італіі, Бельгіі, Канадзе, ЗША. Поспех быў відавочны, але чым тады быў не задаволены Уладзімір Караткевіч?

«Першапачаткова Караткевіч быў адным са сцэнарыстаў фільму, але пасля шматлікіх сцэнарна-рэдакцыйных нарадаў і вялікай крытыкі ў ягоны бок вымушаны былі зрабіць двух сусцэнарыстаў і другім далучыць будучага рэжысёра Валерыя Рубінчыка. У тым ліку Іван Шамякін крытыкаваў Караткевіча і казаў пра шматслоўнасць, пра няпэўнасць герояў, пра непрафесіяналізм Караткевіча. Ішла нават размова, каб з Масквы выклікаць Ігара Балгарына, вядомага сцэнарыста і пісьменніка, заслужанага дзеяча культуры, каб ён за шэсць дзён у Менску перапісаў сцэнар Караткевіча, але да гэтага не дайшло», – распавядае паэтка, даследніца творчасці Караткевіча Валярына Кустава.

Блокбастар знялі, але ў фільме не засталося нічога беларускага: ні мовы, ні зместу.

Прысвячаем 90-годддзю вялікага беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча чарговую серыю «Лабірынтаў»: «Дзікае паляванне вяртаецца!».

Таксама аўтары «Лабірынтаў» Валярына Кустава і Васіль Дранько-Майсюк 26 і 27 лістапада запрашаюць у Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, дзе пройдзе прэм’ера іхнага спектаклю «Наш Караткевіч. 90 хвілін з жыцця творцы».

НІ, Belsat.eu