Як Фінляндыя абараніла сваю незалежнасць перад магутным СССР?


Падаць духам і здавацца – гэта бадай апошняе, што трэба рабіць, калі перад радзімай паўстае рэальная пагроза акупацыі. Бо нават агромная імперыя можа адступіць перад невялікай краінай. Прыкладаў гэтаму – процьма. Сёлета спаўняецца роўна 80 гадоў ад нападу Савецкага Саюзу на Фінляндыю.

30 лістапада 1939 года Чырвоная армія ўварвалася ў фінскую Карэлію. Больш за мільён савецкіх салдатаў супраць 200 тысяч фінскіх жаўнераў. 2,5 тысячы танкаў і больш за 700 бронемашынаў супраць некалькіх дзясяткаў адзінак тэхнікі – гэткія суадносіны сілаў не спалохалі фінаў: яны абралі змаганне за незалежнасць і адстаялі яе.

Пра гэты гістарычны цуд размаўляем з кандыдатам гістарычных навук Ігарам Кузняцовым:

– Абодва бакі тае вайны супрацьлегла ацэньваюць вынікі, хто ўрэшце перамог. Ведаем, што фіны страцілі 11 % сваёй тэрыторыі, але адстаялі незалежнасць. Савецкі Саюз страціў жаўнераў больш, чым было ўвогуле ў фінскім войску. Вы як гісторык як ацэньваеце вынікі тае вайны?

– Я б яшчэ дадаў, што ўсе гэтыя падзеі пачаліся 23 жніўня 1939 года – Пакт аб ненападзенні. Успомнім, верасень 1939-га, далучаецца Заходняя Украіна і Заходняя Беларусь. Чэрвень 40-га года – Прыбалтыйскія дзяржавы, Паўночная Букавіна і Бесарабія. І на гэтым справа не спынілася, бо згодна з сакрэтным пратаколам, у сферу ўплыву СССР трапляла і Фінляндыя. Таму Савецкі Саюз фактычна высунуў ультыматум – перасунуць мяжу, нібы фінскія войскі пагражаюць Ленінграду. Але фінскі народ, Манэргейм на гэтыя ўмовы не пайшлі, хаця яны вельмі добра разумелі, якую жорсткую вайну ім прыйдзецца вытрымаць…. Сёння называюцца лічбы: незаменныя страты Чырвонай Арміі склалі 391 тыс., фінскай арміі – каля 70 тысяч чалавек. І ў тыя падзеі, якія тады адбыліся, мы кажам, што звышдзяржава – як цяпер прынята казаць – намагалася вырашаць любымі спосабамі свае праблемы…

Працяг размовы – у відэа.

Валеры Руселік belsat.eu