Як, дзе і калі адсвяткаваць Дзень Волі ў Вільні і Варшаве?


У пошуках беларускай нацыянальнай ідэі ўлады нашай краіны чвэрць стагоддзя ламаюць галовы, але, як самыя прызнаюцца, марна. Між тым нацыянальная ідэя ляжыць на паверхні і даўно ўсім вядомая – гэта свабода, імкненне быць сабой, жыць самастойна, самім будаваць сваё жыццё, адказваць за свой лёс і лёс сваёй краіны. Дзень Волі, па сутнасці – ёсць выказнікам гэтай нацыянальнай ідэі, бо штогод лучыць беларусаў літаральна па ўсім свеце.

Анатоль Міхнавец, Беларуская нацыянальная памяць:

«З Днём Волі сёлета ў Вільні складана, бо асноўныя сілы былі тут сканцэнтраваныя на Дзень памяці Каліноўскага, які мы праводзім у 23-га сакавіка, у суботу, калі можа прыехаць больш людзей. Але спадзяюся, атрымаецца арганізаваць і Дзень Волі. І гэта будзе заўтра, вядома. Я хацеў бы запрасіць усіх гледачоў «Белсату» быць у гэтыя выходныя ў Вільні. Бо, як вядома, 22 сакавіка 1864 года Кастусь Каліноўскі загінуў, быў павешаны царскімі карнікамі. Мы робім яго ўшанаванне 22 і 23 сакавіка…»

Алесь Зарэмбюк, Беларускі Дом у Варшаве:

«У Варшаве традыцыйна, як штогод, Беларускі дом і моладзь Беларусы Варшавы арганізоўваем Дзень Волі. У гэтым годзе сцэнар будзе трошкі іншы і адрозны ад сцэнара мінулага года. У гэтым годзе мы збіраемся традыцыйна пры Placu Żelaznej Bramy а 14 гадзіне, каля помніка Тадэвушу Касцюшка, пасля пойдзем варшаўскімі вуліцамі Маршалкоўскай, Свентакшыскай і па Кракаўскаму прадмесцю да помніка Адаму Міцкевічу. На гэтым скончыцца вулічная грамадская частка. І пасля на 16 гадзіну запрашаем усіх беларусаў Варшавы, варшавякаў, усіх, каму цікавая Беларусь, да нас, на Вейскую 13, у Беларускі дом, каб падчас канцэрту нефармальна паразмаўляць…»

Асноўныя святкаванні БНР-101 маюць адбыцца ў Горадні. Арганізатары, якія заклікаюць на святочны канцэрт у Каложскі парк у гэтую суботу а 13-й гадзіне, падкрэсліваюць: месца сёлетняга Дня Волі – невыпадковае. Горадню называюць другой сталіцай БНР. Менавіта ў Горадні роўна 100 гадоў таму і было адзначанае ўпершыню свята 25-га сакавіка. «Белсат» будзе ладзіць адмысловае выданне ў суботу 23 сакавіка роўна а 13-й гадзіне.

Размаўляем з гарадзенскім гісторыкам, даследнікам Горадні Андрэем Чарнякевічам:

«Стары фотаздымак. Гарадзенцы святкуюць 23 сакавіка гадавіну БНР. Добры, якасны здымак. Пазіраеш на гэтыя твары і спрабуеш здагадацца: ці шмат людзей з тых, якія ў той момант сабраліся ў той зале, сапраўды верылі ў тое, што беларуская дзяржава знойдзе сваё месца на мапе? Прайшло 100 год. Дзяржава ёсць. І зараз пытанне: з якімі пачуццямі, з якім настроем мы прыйдзем адсвяткаваць чарговы юбілей…»

belsat.eu