Як давалі рады ўцечцы ядравых адкідаў пад Менскам


Яшчэ ніводная краіна ў свеце не знайшла бяспечнага спосабу захоўваць адпрацаванае ядравае паліва. Беларусь – не вынятак, і запуск Астравецкай АЭС можа зрабіць катастрафічнымі праблемы, якія і сёння да канца не развязаныя. Уцечка ядравых адкідаў ледзь не адбылася пад Менскам. Размова ідзе пра мізэрную колькасць небяспечнага рэчыва. Што будзе, калі аб’ём адкідаў вырасце ў дзясяткі разоў?

У студыі праграмы «Размова дня» Уладзімір Мацкевіч і грамадская актывістка, эколаг Ірына Сухій абмяркоўваюць праблемы ядравай энергетыкі, якія неўзабаве могуць стаць праблемамі ўсёй краіны. Чым менш часу застаецца да запуску Астравецкай АЭС, тым больш хібаў у праекце і яго працы выкрываецца. Сёння ў цэнтры ўвагі – захаванне перапрацаванага ядравага паліва. Эколагі зазначаюць, што першапачатковыя намеры накіроўваць ядравыя адкіды на перапрацоўванне ў Расею не могуць быць выкананыя – гэтаму перашкаджае заканадаўства суседняй краіны. Дый транспартаванне стварае дадатковыя фактары рызыкі.

Ці значыць гэта, што адпрацаванае ядравае паліва будзе захоўвацца ў Беларусі? У нашай краіне ўжо існуе адно сховішча ядравага паліва, дзе захоўваецца рэчыва з Інстытуту ядравай фізікі ў Соснах.

«У Соснах быў навуковы рэактар, і там жа ёсць магільнік нейкіх адпрацаваных адкідаў. Там жывуць людзі, і пакуль там не адбываецца нейкай уцечкі, усё нармальна. Бо ў чым уся праблема: пакуль усё герметычна запакаванае, у прынцыпе адлегласць пяцьсот метраў – два кіламетры бяспечная. Таму трэба назіраць. З магільнікам у Соснах пачаліся каразійныя працэсы, і маглі заразіцца грунтовыя воды. Нешта перапакоўвалася, перараблялася, і, здаецца, цяпер там усё ў парадку. Але мы з гэтай праблемай сутыкаліся», – тлумачыць госця студыі на прыкладзе магільніка ў Соснах праблемы, з якімі непазбежна сутыкнецца Астравецкая АЭС.