Як беларусы заслужылі права на сваю дзяржаву


Беларускі нацыяналізм меў шмат агульных рысаў з нацыянальнымі рухамі іншых народаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Натуральна, меў ён і свае адметнасці. Але галоўнае – ён быў паспяховы. Чым беларускі шлях да дзяржаўнасці падобны да шляху іншых народаў і чым адрозніваецца ад іх – разбіраўся доктар гістарычных навук Аляксандр Краўцэвіч.

Нацыяналізм як палітычная з’ява ўзнік у XIX ст. Тады шмат якія народы, што сёння маюць уласную дзяржаву, яе яшчэ не мелі. Тут беларусы нічым не адрозніваюцца, напрыклад, ад чэхаў, славакаў, украінцаў ці літоўцаў: кожны з гэтых народаў змагаўся за сваё права на нацыянальную дзяржаву і перамог. Беларусы, як і іншыя, прайшлі ўсе этапы фармавання нацыі.

«Дзесьці пасля паўстання 1863–64 гг. беларускі рух ад культурна-асветніцкай, навукова-асветніцкай фазы пераходзіць у фазу агітацыйную, нацыянальнай агітацыі. І гэтая фаза, па сутнасці, доўжыцца да пачатку Першай сусветнай вайны. І эфектам гэтай фазы стала тое, што пачынаецца трэці этап – масавы палітычны рух. І беларусы абвяшчаюць незалежнасць Беларусі амаль адначасова, а нават і хутчэй, чым многія нашыя суседзі. Такім чынам можна ацаніць, што беларускі нацыянальны рух у ХІХ ст. хоць, можа, у нечым і быў слабейшы за суседзяў, але выканаў сваю галоўную гістарычную місію», – падсумоўвае доктар гістарычных навук Сяргей Токць.

Якія чыннікі абумовілі адметнасць беларускага нацыянальнага руху? Што такое «сялянскі народ»? Каго, акрамя беларусаў, можна лічыць сялянскім народам? Якое значэнне мела тое, што ўсе беларусы былі падданымі расейскага цара, калі, напрыклад, і літоўцы, і ўкраінцы былі падзеленыя на розныя дзяржавы? Ці толькі беларусы шукалі назву для свайго народу і краіны? Бо цягам усяго XIX ст. існавалі дзве паралельныя плыні: адная выкарыстоўвала назву Літва, а другая – Беларусь.

Як тутэйшыя зразумелі, што яны беларусы, высвятлялі Аляксандр Краўцэвіч і Сяргей Токць у новым выданні праграмы «Загадкі беларускай гісторыі».

Праграма «Загадкі беларускай гісторыі» выходзіць на «Белсаце» кожны панядзелак а 18:50. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.