Як беларускія ўцекачы жывуць у лагерах


Новы год у лагеры для ўцекачоў у Латвіі, папулярныя блогеры пішуць пра падзеі ў Беларусі, мурал пераменаў у Ізраілі: пра гэта – у праграме «Беларускі свет».

Радзівон Бегляк – адзін з першых беларускіх уцекачоў у Латвіі. Яго затрымалі падчас акцыяў у Гомлі, кажа, што быў апошні, хто бачыў жывым ахвяру амапаўцаў – Аляксандра Віхора.

«Саша не быў ніякім актывістам, яго затрымалі па дарозе дадому, ішоў ад дзяўчыны. І ён дастаў на цэнтральнай плошчы тэлефон, каб патэлефанаваць дзяўчыне. Амапаўцы падумалі, што ён каардынатар, і забралі ды жорстка збілі. Псіхалагічна ён быў абсалютна не падрыхтаваны да затрымання, бо ягоная сям’я заўсёды галасавала і выступала за Лукашэнку. Для яго гэта было вялікім шокам, у выніку затрымання ў яго пры нас «паехаў дах», ён стаў не падпарадкоўвацца, за гэта яго і збілі да смерці», – згадвае Радзівон.

Супраць Радзівона распачалі крымінальную справу, ён пераехаў у Латвію і жыве ў лагеры для ўцекачоў. Умовы даволі добрыя, лагер падобны да гостэлу, адно што складана ўтрымаць сябе за 3 еўры ў дзень. Менавіта такую дапамогу атрымліваюць уцекачы ад латвійскай дзяржавы. Таму на дапамогу беларускім уцекачам прыйшла беларуская дыяспара ў Латвіі.

«Радзівон – масток паміж намі і тымі людзьмі, якія ў лагеры, бо гэта рэжымны аб’ект. Мы дапамагаем практычна з першых дзён, як з’явіліся першыя людзі. Мы пазнаёміліся на пікетах каля пасольства, потым разгаварыліся, даведаліся, хто сюды трапіў, зразумелі, што некаторыя людзі тут амаль толькі ў кедах і кашулі», – тлумачыць Аляксандр Новік, прадстаўнік беларускай дыяспары ў Латвіі.

Таксама ў праграме «Беларускі свет»:

  • Ад каго атрымалі падарункі дзеці беларускіх уцекачоў.
  • Паспяховыя беларускія блогеры з Масквы асвятляюць палітычныя падзеі ў Беларусі.
  • Сужэнства беларускіх мастакоў зрабіла на ўласным гаўбцы ў Ізраілі плошчу Свабоды ды намалявала там пратэставы мурал.

Праграма «Беларускі свет» выходзіць на «Белсаце» па аўторках а 19:05. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.

Belsat.eu