Як бальшавікі зрабілі з беларусаў нацыяналістаў

Чым для Беларусі была Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 года? Ці было так, што салдаты, сяляне і рабочыя разам знеслі буржуазную ўладу? Ці гэта быў вайсковы пераварот, калі бальшавікі, замест таго каб абаперціся на грамадзянскае насельніцтва, усталявалі сваю ўладу з дапамогаю салдацкага штыка?

Лютаўская рэвалюцыя 1917 года змяніла форму ўлады ў Расейскай імперыі з манархічнай на дэмакратычную. Канчатковы палітычны лад краіны мусіў акрэсліць Устаноўчы сход. З гэтым згадзіліся ўсе палітычныя сілы, акрамя адной – бальшавікоў. Чаму? Падзеі ў Менску 1917 года выдатна гэта дэманструюць.

Бальшавікі пастанавілі не чакаць Устаноўчага сходу і захапілі ўладу ў сталіцы, Петраградзе, сілаю. Тое самае зрабілі бальшавікі ў Менску. Але ўсе менскія палітычныя і грамадскія арганізацыі выступілі супраць гвалту, стварылі Камітэт выратавання рэвалюцыі Заходняга фронту – і законнасць была адноўленая.

Аднак бальшавікі не збіраліся дзяліцца ўладаю. Грамадскасць іх не падтрымала, таму яны звярнуліся па дапамогу да войска. Праз некалькі дзён Менск занялі чырвоныя вайсковыя часткі, і ўлада цалкам перайшла ў рукі бальшавікоў.

А што беларускія нацыяналісты? Дзеячы беларускага нацыянальнага руху адразу пасля абдыкацыі цара развілі актыўную дзейнасць. Яны хацелі, каб беларусы былі годна рэпрэзентаваныя на Устаноўчым сходзе. Таму яны пачалі змагацца за сімпатыі насельніцтва. Ужо ў красавіку для каардынацыі іх высілкаў паўстаў Беларускі нацыянальны камітэт на чале з Раманам Скірмунтам.

Каб ведаць жаданні і памкненні беларускага народу, планавалі сабраць Усебеларускі з’езд. У кастрычніку яшчэ трывала рыхтаванне. Бальшавікі не толькі не перашкаджалі арганізоўваць З’езд, але нават дапамагалі. Народны камісарыят у нацыянальных справах, што ўзначальваў Іосіф Сталін, выдзеліў грошы для правядзення Усебеларускага з’езду. І ён адбыўся.

У ноч з 17 на 18 снежня беларускія палітычныя дзеячы прынялі гэткі першы пункт рэзалюцыі, што ў залу ўварваліся салдаты-бальшавікі і разагналі З’езд.

Што ж нагэтулькі не спадабалася бальшавікам у З’ездзе, які яны самі дапамагалі арганізоўваць? Які чыннік вызначыў перамогу бальшавікоў? За кім ішлі беларускія сялянскія масы? Як дзеяў і чаго дасягнуў беларускі нацыянальны рух? Пра гэта паразмаўлялі дактары гістарычных навук Аляксандр Краўцэвіч і Мікалай Сяменчык.

Праграма «Загадкі беларускай гісторыі» выходзіць на «Белсаце» кожны панядзелак а 18:50. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.

Калаж з фота: kinopoisk.ru

Больш матэрыялаў

Тут прымірыліся камуністы і нацыяналісты

Як украінскі Ленін дапамог беларускаму Касцюшку

Лыскава – месца, дзе жывуць прывіды

Адкуль беларускія школы ў Польшчы Пілсудскага?

Як беларусы заслужылі права на сваю дзяржаву

Канфесія, якая ўзнікла ў Беларусі

Скарбы касцёлу-замку ў Камаях

Царскія навукоўцы шукалі рускіх, а знайшлі беларусаў