Вядоўца Віктар Шукеловіч сам пусціўся ў танцы, павадзіў карагоды, паслухаў песні і прыпеўкі, а таксама паразмаўляў са шматлікімі ўдзельнікамі фэсту ды перажыў мноства прыгод.
Жыхаркі вёскі Дубіны распавялі яму, што раней падчас танцавальных вечарынак ажно курэла падлога, і каб пыл асеў, на падлогу лілі ваду. Перад пачаткам імпрэзы ў бэльку таксама ўганялі сякеру і скакалі да той пары, пакуль сякера не выпадала. Адна з жанчын падзялілася, што хоць і дачакалася сталага веку, падобныя святы зноў вяртаюць яе ў маладосць.
9-цігадовы Мікалай распавёў Віктару, адкуль у яго ўзялося захапленне музыкай і беларускімі традыцыямі, а таксама падзяліўся сваймі жыццёвымі планамі на будучыню.
А рэжысёрка і танцорка з Барысаву Наталля Голава распавяла, адкуль у беларускіх вёсках зʼявіліся такія танцы, як «Жыдок», «Жыдовачка» ды «Нажнічкі».
Віктар спаткаў таксама ў Засценку Скрыплева амбасадарку Вялікай Брытаніі ў Беларусі Фіёну Гіб, з якой таксама патанцаваў, распытаў пра ўражанні, а таксама паразмаўляў пра падабенства і адрозненні беларускіх і брытанскіх вёсак.