«Яго кніга знішчала савецкія міфы». Не стала Юрыя Туронка


Ён быў першым у беларускай навуцы, хто пачаў казаць праўду пра перыяд акупацыі нашае краіны падчас Другой сусветнай вайны. У Варшаве на 90-ым годзе жыцця памёр выдатны беларускі гісторык Юры Туронак. Пра выбітную фігуру ў айчыннай гістарыяграфіі размаўляем з доктарам гістарычных навук Аляксандрам Смаленчуком, які з намі на сувязі з Горадні:

«Маё знаёмства з Туронкам пачалося з кнігі, пра якую сёння так шмат гавораць, «Беларусь пад акупацыяй нямецкай». Шмат для каго з маіх калегаў, для мяне, гэта была проста адкрыццё, таму што кніжка знішчала многія савецкія міфы і нованароджаныя міфы беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі. Гэта была жорсткая праўда пра Беларусь падчас той вайны, пра беларусаў. Фактычна гэта было запрашэнне мяне асабіста да сапраўднай гістарычнай навукі. Яго праца паказвала, што трэба не баяцца казаць праўду, якая звычайна не задавальняе нікога. […] У Беларусі гістарычная навука грунтуецца на савецкім падмурку, дзе перамога ў апошняй вайне – святы сімвал. Калі мы падумаем пра тое, якую ахвяру заплаціла Беларусь за гэтую перамогу і чым яна абярнулася, часам думаеш, што можа Нямеччына выйграла тую вайну, таму што яны хоць развіталіся з нацызмам…»

belsat.eu