«Я б гэта назваў парнаграфіяй», – старэйшы беларускі архітэктар пра спрэчныя менскія будынкі

Новае выданне ток-шоу «Кожны з нас» прысвечанае легендарнаму беларускаму архітэктару Вальмену Аладаву, якому 12 лютага спаўняецца 90 гадоў.

У свой час Вальмен Аладаў спраектаваў крыты павільён Камароўскага рынку, будынак на праспекце з крамай «Акіян», універсам «Цэнтральны» ды іншыя вядомыя аб’екты. Як заслужаны архітэктар, доктар архітэктуры і прафесар ён мае маральнае і прафесійнае права даваць ацэнку сучасным будынкам. Таксама ў праграме ўдзельнічаюць іншыя аўтарытэтныя эксперты-архітэктары.

Пра «Дом Чыжа», «Galleria Minsk» і спрэчны будынак на Кастрычніцкай плошчы

«Я заўжды думаю пра гэты будынак. Як выйду з дому, ён у мяне перад вачыма, – кажа Вальмен Аладаў пра так званы Дом Чыжа ля Траецкага прадмесця. – Ну, як бы сказаць… Я б гэта назваў парнаграфіяй».

Тым жа словам гуру архітэктуры апісаў будынак гандлёвага цэнтру «Galleria Minsk» на праспекце Пераможцаў.

«Тут архітэктарам Духанам быў задуманы цудоўны ансамбль. Паміж вышыннымі дамамі павінны былі паўставаць дамы такога ж маштабу, у такім жа характары. Вось, скажам, кінатэатр «Масква» ўпісваўся ў гэты ансамбль. А вось гэтая чорная дошка, як казала мая бухгалтарка, вы мяне збаўце…» – рэзюмуе спадар Вальмен.

У гутарцы ўдзельнічаюць і іншыя аўтарытэтныя эксперты ў галіне архітэктуры. Ад іх асабліва дасталася аб’ектам, якія будуе кампанія «Dana Holdings». Напрыклад, абмяркоўваецца гіпермаркет «Dana Mall», які чырвонай плямай уляпілі на праспекце Незалежнасці.

«Ува ўсіх паважаных гарадах такія аб’екты месцяцца за кальцавой, – разважае Юрый Мамлін, прафесар Міжнароднай акадэміі архітэктуры. – Ён у нас стаіць на праспекце».

«Шчыльная забудова, ідыёцкая. З акна ў акно бачыш адно аднаго, – кажа доктар тэхнічных навук Цімафей Пецольд пра жылы комплекс «Маяк Менску» ад «Dana Holdings», размешчаны за ўжо названым гіпермаркетам. – Вы ўязджаеце ў горад, бачыце вялізны будынак, які цалкам закрывае бібліятэку».

Эксперты крытычна выказаліся пра гатэль «Кемпінскі» на праспекце і эклектычны навабуд ад «Dana Holdings» на Кастрычніцкай плошчы.

«Дзякуючы такім аб’ектам нас выкрасляць з праграмы ЮНЭСКО. Гэта проста знявага праспекту і гораду», – рэзюмуе Юрый Мамлін.

Сярод добрых архітэктурных прыкладаў эксперты назвалі Нацыянальную бібліятэку, чыгуначны вакзал, гатэль «Marriot», будынак «Белкалію» ды іншыя аб’екты.

Аладаў спраектаваў правобраз гіпермаркету яшчэ ў 1970-х

У СССР беларускія архітэктары лічыліся топавымі. Іхныя праекты тысячамі паўставалі на абсягах савецкай імперыі. Напрыклад, Вальмен Аладаў спраектаваў інавацыйныя сталоўкі, дзе ўдалося пазбягаць чэргаў і скараціць час абеду для наведніка ў некалькі разоў. Паводле праектаў ягонага інстытуту ў СССР і краінах сацлагеру пабудавалі блізу 3000 такіх сталовак.

«Як атрымаць абед без чаргі? Чалавек зайшоў, узяў з ячэйкі абед і пайшоў за стол. А ў гэты час на канвееры камплектуецца новая партыя абедаў. Пасля першай такой сталоўкі нашыя чарцяжы рассылаліся па ўсім СССР», – узгадвае Вальмен Аладаў.

З дзясятак гадоў таму па ўсёй Беларусі пачалі масава будаваць разнастайныя гіпермаркеты паводле замежных праектаў. Але высвятляецца, што правобраз такой канструкцыі Аладаў прыдумаў яшчэ ў 1970-х. Першы такі аб’ект у БССР – сталічны ўніверсам «Фрунзенскі». Людзі набіралі тавары ў кошыкі і шлі да касаў, а не стаялі ў чэргах да прылаўкаў.

Нядаўна ўнікальна аздоблены ўніверсам «Фрунзенскі» «адрэстаўравалі» пад безаблічны тыповы праект. У ім сёння месціцца крама «Віталюр».

«Я мяркую, што гэта крымінальшчына», – уздыхае легендарны архітэктар.

Як будавалася «Камароўка»? Што казаў Машэраў тым, хто быў незадаволены ўніверсамам «Цэнтральны»? Якія яшчэ сакрэты хавае Менск? Пра ўсё гэта глядзіце ў прэм’ерным выданні ток-шоу «Кожны з нас».

Праграма «Кожны з нас» выходзіць кожную пятніцу а 18:35. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» і на нашай старонцы.

Глядзі таксама

Больш матэрыялаў

Праўда і фэйкі пра каронавірус у Беларусі

Чаму СССР развалілі менавіта ў Беларусі?

Дзе нараджаць лепш: у Беларусі, у Вільні ці ў Маямі?

Што будзе з Беларуссю, калі Пуціна не стане?

Каронавірус ужо ў Беларусі. Што рабіць?

Незвычайныя гадаванцы: ліс у кватэры, воўк на падворку і гусак, які выконвае сабачыя каманды

Самая крывавая вайна ў гісторыі Беларусі была з… Расеяй

Яны вымушаныя хаваць сваю нацыянальнасць у Беларусі