Вынікі беларускай рэвалюцыі, рэакцыі Захаду ды Усходу, прагнозы. «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою


Вынікі 2020 г. для Беларусі ва ўнутранай палітыцы, дачыненнях з Захадам і Усходам ды прагнозы на наступны год. А таксама інтэрв’ю з Жузэпам Бурэлям, кіраўніком дыпламатыі Еўразвязу ды Міхаэлям Зыбэртам, амбасадарам з міністэрства замежных справаў Нямеччыны, які займаецца праблематыкай Беларусі.

Вынікі ва ўнутранай палітыцы. Ці Лукашэнка хоча стаць другім Брэжневым?

Пяты месяц працягваюцца агульнабеларускія пратэсты супраць рэжыму Лукашэнкі. Старшыня КДБ Іван Церцель пагражае распачаць масавыя забойствы пратэстоўцаў, а самазваны кіраўнік тым часам спрабуе прадаць людзям ілюзію зменаў. Як будзе рэалізоўваць свой план Лукашэнка, і якой рэакцыі на гэта можна чакаць ад народу Беларусі ў бліжэйшай будучыні? Разбіраўся Зміцер Міцкевіч.

Кіраўнік дыпламатыі Еўразвязу: «Мы цалкам спынім супрацу з рэжымам, калі спатрэбіцца»

Еўрапейскі Звяз вылучыў 33 мільёны еўраў для праваахоўных арганізацыяў, ахвярам рэпрэсіяў і распрацоўвае комплексны план эканамічнага падтрымання Беларусі, гэтак званы «План Маршала». Калі будзе гатовая першая частка фінансавана пакету? Як у Бруселі бачаць Беларусь? Як будзе дзейнічаць Еўразвяз, калі сітуацыя ў Беларусі не палепшыцца?

Алесь Сіліч запісаў інтэрв’ю з Жузэпам Бурэлем, высокім прадстаўніком ЕЗ у пытаннях замежнае палітыкі ды бяспекі, то бок па-сутнасці з міністрам замежных справаў Еўрапейскага звязу. Іспанскі палітык з’яўляецца таксама віцэ-прэзідэнтам Еўрапейскай камісіі – адной з самых уплывовых асобаў Аб’яднанай Еўропы.

Як Захад зноў стаў ворагам Лукашэнкі

Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі для афіцыйнага Менску пацягнулі чарговы разлад у дачыненнях з Захадам, адкуль апошнія гады вырас прыток інвестыцыяў і тэхналогіяў у нашую краіну. Чаго каштавала Лукашэнку страта еўрапейскай адлігі, ды наколькі моцнымі былі крокі Еўразвязу і ЗША ў спрыянні выхаду з беларускага палітычнага крызісу? Храналогію падзеяў і магчымыя наступствы прааналізавала Юлія Лабанава.

Ці Берлін блакаваў трэці пакет санкцыяў Еўразвязу?

Нямеччына – адзін з галоўных партнёраў дэмакратычнай Беларусі. Святлана Ціханоўская двойчы наведала Берлін з працоўнымі візітамі. Як выглядае нямецкі падыход да санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі? Інтэрв’ю Сяргея Пелясы з амбасадарам Міхаэлем Зыбэртам, дырэктарам дэпартаменту Усходняй Еўропы, Каўказу і Цэнтральнай Азіі ў Міністэрстве замежных справаў Нямеччыны.

Вынікі дачыненняў з Расеяй. Ці Крэмль у 2021 г. захоча змяніць Лукашэнку?

Расея паводле версіі ўладаў Беларусі – часам наш адзіны сябра і братні народ, а часам – пагроза суверэнітэту. Асaбліва тады, калі патрабуе выканаць старыя дамовы. Са жніўня гэтага года Масква – апірышча і адзіная краіна ў рэгіёне, што не толькі прызнае, але нават і падтрымлівае ўладу Лукашэнкі. Пры гэтым з Крамля месяцамі ідуць сігналы пра неабходнасць правядзення канстытуцыйнае рэформы – то бок хоць нейкіх палітычных саступак з боку Лукашэнкі. Сёлетнія матывы расейскіх уладаў і прагноз налета – ад Усевалада Шлыкава.

Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Алінаю Коўшык ды Сяргеем Пелясою глядзіце штотыдзень у чацвер а 20:35. Падпісвайцеся на «Прасвет» у профілях у Facebook і «Аднакласніках»! Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале і на нашай старонцы.

Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum