Выкладчыкаў звальняюць. Студэнты ўзмацняюць пратэсты


У верасні праграма «Маю права» распавядала пра студэнцкія акцыі пратэстаў. Тады падтрымаць маладзёнаў выйшаў і выкладчык Універсітэту культуры Зміцер Матуйза.

Спадар Зміцер звярнуўся да выкладчыкаў:

«Цяпер такія настроі: хтосьці піша заявы аб звальненні, хтосьці пра гэта падумвае… Калі ласка, не рабіце гэтага! Калі вы задумваецеся аб звальненні, то вы чэсны чалавек, і калі чэсныя людзі сыдуць, то хто зойме вашае месца?»

31 кастрычніка ў спадара Змітра заканчваецца працоўны кантракт.

«Сёння я скончыў збор подпісаў і іду падаваць афіцыйна петыцыю ад супрацоўнікаў і петыцыю ад студэнтаў у маю падтрымку, каб са мною працягнулі працоўныя зносіны», – кажа выкладчык.

Абноўлена
Студэнты падтрымалі агульнанацыянальны страйк
2020.10.26 10:32

Петыцыю падпісалі 500 студэнтаў і 35 калегаў, але спадар Зміцер не верыць, што гэта паўплывае на адміністрацыю ВНУ. Але выкладчык перакананы: ягоны ўчынак можа паўплываць на іншых!

«Людзі павінныя пабачыць, студэнты павінны пабачыць, не толькі мае, але і іншых ВНУ, што ёсць сумленныя і смелыя выкладчыкі, такія, як я, і такія, якія падтрымліваюць мяне. Што я не адзін, а нас як мінімум 35! Каб студэнты пабачылі, што з імі не толькі тыя, хто выходзіць на акцыі: некалькі дзясяткаў чалавек, – а 500 чалавек у гэтым ВНУ за справядлівасць!» – тлумачць Зміцер Матуйза.

Падтрымліваў студэнцкія пратэсты і наш наступны герой – намеснік дэкана факультэту прыродазнаўства Педагагічнага ўніверсітэту Мікалай Страха.

«Паследавалі такія рэкамендацыі: спыніць гэтую сваю дзейнасць, пачысціць сацыяльныя сеткі, папрыбіраць свае пасты. Маўляў, як гэта так, вы такую займаеце пасаду, студэнты ўсё гэта чытаюць. Атрымліваецца, што гэта такая дзяржаўная пазіцыя», – гаворыць спадар Мікалай.

Размова
Былы выкладчык БДУ: Немагчыма вучыць праву і маўчаць пра бяспраўе ў краіне
2020.10.08 22:20

Але ад права на выказванне сваёй грамадзянскай пазіцыі спадар Мікалай не адмовіўся. Тады яго папрасілі звольніцца, хоць да заканчэння працоўнага кантракту заставаўся яшчэ год. І гэта пасля 22 гадоў бездакорнай працы, нягледзячы на падзякі ды ўзнагароды.

«Можна было б адстойваць сваю пазіцыю, але, безумоўна, гэта ўжо была б не праца. Таму што кожны дзень я б усё роўна друкаваў, выказваўся, удзельнічаў бы ў акцыях салідарнасці. І гэты штодзённы прэс ужо б усё роўна нармальнай працы не даваў», – лічыць выкладчык.

Студэнты са звальненнем Мікалая Страхі не змірыліся і працягваюць ладзіць акцыі падтрымання ўлюбёнага выкладчыка.

«Я проста не чакаў такой вось салідарнасці з боку студэнтаў і сённяшніх і асабліва з выпускаў мінулых гадоў, – кажа цяпер ужо былы намеснік дэкану. – Больш за тысячу дакладна я атрымаў водгукаў з падтрымкай», – распавядае Мікалай Страха.

Мaю прaвa
«Нас не замаляваць, не сцерці, не разарваць». Жыхары плошчы Пераменаў працягваюць барацьбу
2020.10.09 20:05

У Кацярыны Гапеенка з прэсавай службы Педагагічнага ўніверсітэту мы паспрабавалі даведацца, чаму грамадзянская пазіцыя робіцца прадметам ціску на выкладчыкаў.

«Я не магу адказаць вам на гэтае пытанне! Казаць, што хтосьці зможа з кіраўніцтва… таксама не магу. Зразумейце, такая сітуацыя – вельмі шмат асобаў хварэе, вельмі! Мала хто ёсць на месцы! Таму нічым не магу дапамагчы», – адказалі ў прэсавай службе ВНУ.

Заснавальнік Беларускага гуманітарнага ліцэю Уладзімір Колас раіць выкладчыкам салідарызавацца і падтрымліваць адзін аднога:

«Сёння, напэўна, нішто не можа дапамагчы ад звальнення тых, хто дзейнічае так, як трэба дзейнічаць прыстойным людзям. Таму я заклікаю ўсіх настаўнікаў, усіх прадстаўнікоў сістэмы адукацыі да салідарнасці, да падтрымкі тых, хто мае мужнасць, мае сумленне гэты час усё гэта праяўляць. І самім быць падобнымі да іх! Бо сёння ад нас залежыць, ці сапраўды будуць гэтыя перамены, ці ўсё застанецца так, як ёсць!»

Падчас рыхтавання сюжэту стала вядома: Змітру Матуйзу ўсё ж не працягнулі кантракту ва Універсітэце культуры.

Таксама ў праграме «Маю права»:

  • Міністэрства юстыцыі пазбаўляе адвакатаў ліцэнзіяў
  • Незалежныя назіральнікі – аб працы на выбарах
  • Вялікія выпрабаванні для сям’і Севярынцаў

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную пятніцу а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.