Выбары ў ЗША: самае гарачае наперадзе


Упэўнены і правакацыйны. Апошнія тыдні змагання за Белы дом рэспубліканец Доналд Трамп вядзе па лініі атакі канкурэнткі ад дэмакратаў Гілары Клінтан.

«Мы ідзем перамагаць. Мы ідзем перамагаць зноў. Я выйграў, бо маё жыццё – гэта перамога. Я перамагаю. Яна не можа перамагчы. Яна не пераможца. Яна не можа выйграць», – так прамовіў перад сваймі прыхільнікамі Доналд Трамп.

Але і яму перамагчы можа быць складана. Скандальныя выказванні і заявы ўжо змянілі расклад сілаў у апытаннях. За Клінтан сёння гатовыя галасаваць 48 % амерыканцаў, за Трампа – толькі 33. І нават некаторыя калегі-рэспубліканцы назвалі свайго кандыдата небяспечным для ЗША. 50 экспертаў-рэспубліканцаў апублікавалі ў «New-York Times» адкрыты ліст, дзе папярэджваюць, што ў выпадку перамогі да ўлады прыйдзе самы безразважны прэзідэнт, які пагарджае базавымі каштоўнасцямі краіны. А канкрэтна маюцца на заканадаўства і канстытуцыя, свабода веравызнання, свабода медыяў ды незалежнасць судоў.

А некаторыя адкрыта назвалі Трампа несвядомым агентам Крамля. Кандыдат рэспубліканцаў неаднаразова хваліў Уладзіміра Пуціна ды заявіў пра магчымае скарачэнне выдаткаў на абарону ў межах НАТО. Цяпер кажа і пра зніжэнне падаткаў.

«Усе палітыкі мусяць арыентавацца на захаванне працоўных месцаў у ЗША. Згодна з маім планам, ніводная амерыканская кампанія не будзе плаціць больш за 15% падаткаў ад прыбыткаў бізнесу. Інакш кажучы, мы панізім падаткі з 35 да 15 %», – заяўляе Доналд Трамп.

Ідэя Трампа атрымала імгненны адказ Гілары Клінтан.

«Старыя ідэі гучаць як новыя. Гэта тое, што мы ведаем, бо пачулі зноў. Ягоныя падатковыя планы дадуць супервысокія льготы для буйных карпарацыяў і па-сапраўднаму багатым, як і ён сам», – адказала на прапановы рэспубліканца Гілары Клінтан.

І апроч усмешак і сэлфі на памяць Клінтан раздае абяцанні, якія маюць пераканаць выбарчую большасць.

«Я казала цягам кампаніі, што не збіраюся падвышаць падаткаў для сярэдняга класу. Але з вашаю дапамогаю мы збіраемся падняць падатак для багатых, бо гэта тое месца, дзе і ёсць грошы», – выказвае ўжо свае прапановы кандыдатка на прэзідэнта.

Прэзідэнцкая кампанія толькі распачынаецца. А таму сапраўдны пах смажанага яшчэ наперадзе. Напрыклад, усё больш выразна гучаць заявы аб неабходнасці праверкі Трампа ў псіхіятраў.

Сяргей Падсасонны