Выбары ў Малдове: інтэграцыя з ЕЗ ці рэванш савеччыны?


Прэзідэнцкія выбары ў Малдове адбыліся, але інтрыга захоўваецца. Што праўда, не ў пераможцах, а ў тым, ці атрымаюць прыхільнікі еўраінтэграцыі карт-бланш з боку выбарцаў, ці рэванш возьмуць тыя, хто з настальгіяй узгадвае савецкія часы.

Малдова падзялілася на прыхільнікаў прарасейскай і праеўрапейскай будучыні. Выбары прэзідэнта, якія адбыліся ў мінулую нядзелю, на першыя пазіцыі вывелі лідара партыі сацыялістаў, прарасейскага кандыдата на прэзідэнта Ігара Дадона. Паводле папярэдніх звестак, за яго прагаласавалі 48,71 % выбарнікаў.

«Нашая перамога непазбежная. Кожны павінен гэта разумець, у тым ліку і нашыя палітычныя апаненты. Так што раю некаторым з іх – давайце не будзем спяшацца і зробім усе падлікі да канца», – заўважыў кандыдат на прэзідэнта Малдовы Ігар Дадон.

Нягледзячы на спадзевы Дадона атрымаць перамогу яшчэ ў першым туры, другі тур адбудзецца. У ім прарасейскаму кандыдату будзе супрацьстаяць Мая Санду, кандыдатка ад апазіцыі, старшыня партыі «Дзеянне і салідарнасць». За яе прагаласавалі 37,94 % выбарцаў.

«Мы зрабілі першы крок на шляху да годнага жыцця, якое мы ўсе заслугоўваем тут, у Рэспубліцы Малдова. Мы даказалі, што мы можам зрабіць вялікія дасягненні з невялікаю колькасцю рэсурсаў. І мы зробім усё, каб сумленныя і справядлівыя людзі адчувалі сябе як дома ў Рэспубліцы Малдова. Дзякуй і да сустрэчы ў другім туры», – адзначыла кандыдатка на прэзідэнты Малдовы Мая Санду.

Мая Санду бачыць будучыню Малдовы ў Еўразвязе. У сваю чаргу ейны апанент прапаноўвае адмяніць дамову аб асацыяцыі з Бруселем і развярнуць краіну на ўсход, аднавіць эканамічныя стасункі з Масквою, магчыма, у перспектыве, нават далучыцца да Еўразійскага эканамічнага саюзу. Пра сябе Дадон кажа, што ён адзіны малдаўскі палітык, якому давяраюць у Маскве. Пра будучыню, якая чакае Малдову з Дадонам, кажа палітолаг Павел Усаў.

«Гэтыя выбары сталіся рэакцыяй уладаў на масавыя антыўрадавыя пратэсты, якія праходзілі ў Кішынэве напрыканцы 2015–пачатку 2016. Падставаю для пратэстаў стаўся вывад з малдаўскіх банкаў амаль 1 мільярда долараў. У выніку прынялі палітычнае рашэнне вярнуць у краіне прамыя прэзідэнцкія выбары», – падкрэсліў палітолаг Павел Усаў.

Жыхары Кішынэва адзначаюць:

«Я галасаваў за лепшую будучыню, спадзяюся, мы пазбавімся ад бандытаў, якія ва ўладзе і якія скралі ў нас мільярд долараў. Мы спадзяемся, што стане лепш».

«Мы чакаем рэформы, барацьбу з карупцыяй, спадзяюся, што будзе жыць лепш у нашай краіне».

Дадатковыя шанцы на перамогу для кандыдаткі ад апазіцыі можа даць моладзь, якая збольшага першы тур прэзідэнцкіх выбараў праігнаравала. Апроч таго, Мая Санду заявіла, што ўлады заміналі ёй у правядзенні кампаніі. Другі тур прэзідэнцкіх выбараў адбудзецца 13 лістапада.

Аркадзь Несцярэнка, belsat.eu