Выбары ў Францыі: гонка да канца і без альтэрнатывы


Былы прэмʼер-міністр Францыі і сённяшні мэр Бардо Ален Мары Жупэ адмовіўся стаць кандыдатам на выбарах прэзідэнта, каб замяніць на іх Франсуа Фіёна. Але апошні і так не здаецца ды заяўляе, што працягне гонку да канца, нягледзячы на карупцыйны скандал, які з кожным днём цягне ягоны рэйтынг усё ніжэй.

«Для мяне ўжо позна станавіцца кандыдатам у прэзідэнты», – заявіў мэр Бардо Ален Жупэ, каментуючы сваю магчымасць замяніць на сёлетніх выбарах рэспубліканца Франсуа Фіёна, які трапіў у карупцыйны скандал.

А вось што заявіў сам Фіён:

«Я не бачу аніякіх прычынаў для таго, каб гэта зрабіць (зняцца з выбараў). Я сапраўды думаю, што зняцце маёй кандыдатуры прывядзе сёлетнюю кампанію ў тупік».

Напярэдадні на плошчы Трокадэро (Trocadéro) у Парыжы, нягледзячы на капрызнае надворʼе, якое змянялася сонцам і дажджом, сабралося каля 45 тысячаў прыхільнікаў рэспубліканца.

У той жа час, пакуль Фіён прамаўляў на Трокадеро, сотні парыжанаў сабраліся на плошчы Рэспублікі: людзі абураліся адсутнасцю годнай працы ды карупцыйнымі скандаламі, у якія трапілі сёлетнія кандыдаты ў прэзідэнты.

Яшчэ адная кандыдатка ў прэзідэнты, лідарка ультраправай партыі «Народны фронт» Марын Ле Пэн у інтэрвʼю амерыканскай тэлерадыёкампаніі «CBS» чарговы раз выказала сімпатыі Расеі ды заявіла, што палітыка Крамля не нясе пагрозы для Еўропы. Ле Пен, як і ейны супернік Фіён, таксама трапіла ў скандал праз фіктыўных памочнікаў ды нібыта затрачаных на іх 340 тысячаў еўраў, аднак замест апраўданняў яна абрынулася на журналістаў з крытыкай.

«Усе кандыдаты ў прэзідэнты атрымоўваюць крытыку. Гэта нават не фонавы шум, гэта цэлы аркестр галасоў, які кажа толькі пра гэтыя судовыя скандалы ва ўрон глыбіні палітычных дыскусіяў. Асабіста я працягваю кампанію. Часам у мяне складваецца ўражанне, што я адзіная, хто гэта можа рабіць», – заявіла Ле Пэн.

Прэзідэнцкія выбары ў Францыі мусяць прайсці 23 красавіка. Паводле апошняга апытання сацыялагічнай службы «Elabe», толькі каля 20 % французскіх выбарнікаў гатовыя прагаласаваць за былога прэмʼера Франсуа Фіёна. А вось за лідарку «Нацфронту» свае галасы гатовыя аддаць каля 26-27 %. Яшчэ адзін кандыдат, былы міністр эканомікі, трыццацідзевяцігадовы Эманюэль Макрон, якому разам Ле Пэн прарочаць другі тур, можа заручыцца падтрыманнем ад 22 да 23 % выбарнікаў.

Чытайце таксама: