Вяскоўцы ваююць з чыноўнікамі за свайго старасту


У вёсцы Стаўры Аршанскага раёну ўжо некалькі гадоў чыноўнікі не даюць тутэйшым абраць старастам Ігара Грышанава, які калісьці ўжо займаў гэтую пасаду.

Здымачная група «Маю права» пад’ехала да групы вяскоўцаў, якія адмыслова сабраліся, каб распавесці пра сваю праблему:

«Ігара прыбралі! Узяла на сабе абавязкі старшыня», – кажа жыхарка Стаўроў.

Вяскоўцы кажуць, што неаднаразова збіралі подпісы за Грышанава, але Гарвыканкам і старшыня сельсавету былі супраць. Вяскоўцы кажуць, што адною з прычынаў нелюбові чыноўнікаў да былога старшыні стала ягоная актыўная барацьба за вясковы клуб.

«Заўсёды прыязджалі артысты, спявалі. Кожны Вялікдзень асвячэнне ладзілі. Прыязджаў бацюшка. Ігар Іванавіч арганізоўваў», – распавядае мясцовая жыхарка Людміла Крыштон.

У абарону вясковага клубу нават быў суд. Цяпер жа на тым месцы ўсё завалена аўтамабільным ламаччам ды будуецца станцыя тэхабслугоўвання. Галіна Ісаінкава распавяла карэспандэнту, што як знеслі клуб, вяскоўцам няма дзе стала чакаць на аўталаўку. Тады Ігар Грышанаў для зручнасці пабудаваў паветку. Але сельсавет палічыў пабудову свавольным захопам тэрыторыі ды пастанавіў паветку знесці.

«Мы яе адстаялі. Яны [мясцовыя ўлады] вырашылі пабудаваць сваю паветку. Пабудавалі і, маўляў, знасіце гэтую! Але мы адстаялі, хай у нас і гэтая будзе!», – не адступаюць вяскоўцы.

Мaю прaвa
Чыноўнік: «Ніякіх праблемаў няма». Чаго яшчэ няма ў вёсцы на 400 двароў? Лякарні, пошты, бібліятэкі ды працы
2020.02.19 19:05

Ігар Грышанаў на сваёй аграсядзібе зладзіў сапраўдны вясковы музей. А калі зруйнавалі клуб, пабудаваў яму замену. Тут жа летам плануецца паказваць фільмы, ладзіць сустрэчы з вядомымі асобамі.

Нягледзячы на такую адданасць роднай вёсцы сельскі савет катэгарычна супраць прызначэння спадара Ігара старастам.

«Гатовы [сельсавет] на абранне любой асобы, акрамя мяне. Па той прычыне, што не толькі ў сельсавеце, але і ў нашым Аршанскім райвыканкаме я стаўлю выразную задачу: ёсць вёска, павінна быць асвятленне, ёсць вёска мусіць быць дарога, мусіць быць забеспячэнне…», – кажа Грышанаў.

Праз тэлефон мы пацікавіліся ў старшыні Бабініцкі сельсавету Марыны Мацвеевай: чаму чыноўнікі ігнаруюць жаданне людзей і не зацверджваюць на пасаду старасты Ігара Грышанава?

«Фактычна Грышанаў там не пражывае, хаця і прапісаны там! Мне цяжка з ім было працаваць, так як ён няправільна разумее пасаду старэйшыны» Ён лічыць, што гэта толькі напісаць, збегаць у райвыканкам – не! Гэта яшчэ і праца з грамадзянамі: прымусіць іх прыбраць пясок, калі рассыпалі на прылеглай тэрыторыі, прасачыць, каб усе ліхтары гарэлі… А вы думаеце з гораду Ворша ён зможа гэта зрабіць? А заява грамадзянаў разглядаецца, усё зарэгістравана…», – адказала старшыня.

Мaю прaвa
Вяскоўцы паднялі бунт: няма бензіну – не ідзем на выбары
2020.01.29 19:05

Па нашай просьбе Міраслаў Кобаса, кіраўнік фонду імя Льва Сапегі вывучыў палажэнне аб старастах Бабініцкага сельсавету і, знайшоў там шмат недарэчнасцяў. Але з выбарам старасты там усё проста.

«Людзі галасуюць і выказваюць сваё меркаванне па ягонай кандыдатуры. І ўсё. Іншага крытэру па вось гэтаму палажэнню няма! Калі парушаецца палажэнне, заканадаўства, то трэба звяртацца да таго органа, які прызваны сачыць за законнасцю і парадкам. А гэта – пракуратура!», – тлумачыць юрыст.

Таксама ў праграме «Маю права»:

  • Жанчына намагаецца вярнуць адабраных дзяцей
  • Пра бацькоўскія правы – у рубрыцы «Ведай свае правы!»
  • Жыхары Жодзіна бароняць свой лес

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную сераду а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.