Вяскоўцы пацярпелі ад урагану і не дачакаліся годнае кампенсацыі


Вяскоўцы пацярпелі ад урагану і не дачакаліся годнае кампенсацыі

Вёска Абчак пад Менскам моцна пацярпела ад ліпеньскага ўрагану. Людзі літаральна засталіся без дахаў над галавою. У гэткіх умовах жыхары былі амаль палову лета, так і не дачакаўшыся годнае кампенсацыі ад дзяржавы. Працэс аднаўлення ідзе вельмі марудна, бо вызначаная мясцовым сельсаветам сума кампенсацыі складае дзве тысячы рублёў, і гэтых сродкаў папросту не стае на тое, каб ліквідаваць пашкоджанні. Да восені атрымалася толькі часткова накрыць дамы. Разам з тым кіраўнік вобласці Сямён Шапіра адразу пасля стыхіі публічна паабяцаў, што дзяржава дапаможа пацярпелым аднавіць дамы.

Жыхары вёскі Праснакі патрабуюць аднавіць працу фельчарскага пункту

Вот ужо некалькі гадоў жыхары вёскі Праснакі Капыльскага раёну абыходзяцца без лекара. І гэта не таму, што ўсе вяскоўцы могуць пахваліцца хвацкім здароўем. Проста два гады таму фельчарска-акушэрскі пункт зачынілі. Вяскоўцы вымушаныя карыстацца паслугамі лекара ў суседняй вёсцы Грозава, што за сем кіламетраў ад Праснакоў. Мясцовыя скіравалі калектыўны зварот у Капыльскую раённую лякарню.

У адказе ім прапанавалі звяртацца да лекара, які будзе прыязджаць у вёску раз на месяц, або да фельчара-акушэра – з перыядычнасцю раз на тыдзень. Але людзі з гэтым не пагаджаюцца, бо хваробы прыходзяць, не зважаючы на расклад.

Зямлю – сялянам! Мінакі выказалі свае думкі пра адраджэнне вёскі

Сёлета на фінансаванне аграпрамысловага комплексу з рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў выдаткавалі каля 16 трыльёнаў недэнамінаваных рублёў, у тым ліку і на развіццё сацыяльнае сферы. Аднак, нягледзячы на гэта, колькасць вясковага насельніцтва няспынна скарачаецца. Мы запыталіся ў мінакоў на вуліцах Менску: чаму людзі пакідаюць вёску і што трэба змяніць, каб зрабіць яе прывабнаю для жыцця?

Запланаваная будоўля касцёлу падзяліла жыхароў сталічнага раёну

Каталіцкая супольня аднаго са сталічных раёнаў атрымала дазвол пабудаваць касцёл. Месца для будоўлі вылучылі ў гарадскім скверы Котаўка, але гэта не задаволіла іншых жыхароў раёну. Разам з эколагамі яны зарганізавалі каля абранай для касцёлу пляцоўкі дзяжурства 24 гадзіны на содні. На цяперашні момант усе будаўнічыя працы ў скверы спынілі. Ува ўсіх бакоў гэтага канфлікту свая праўда. Вернікі кажуць, што святыня толькі ўпрыгожыць і добраўпарадкуе гэтае месца, жыхары раёну сцвярджаюць, што яны пазбавяцца ўлюбёнага месцу для адпачынку, а эколагі ўдакладняюць, што праект не стасуецца з Генпланам забудовы Менску.

Дольнік чатыры гады намагаецца прыцягнуць забудоўніка да адказнасці

У мінулай праграме мы распавядалі пра судовыя спрэчкі паміж Аксанай Лабёнак і будаўнічаю кампаніяй «Прыгарадбудінвест». Цяпер чарга яе калегі ў няшчасці Сяргея Басалыгі. Пяць гадоў таму ён падпісаў дамову з будаўнічаю кампаніяй ды набыў у той аблігацыі на кватэру ў пасёлку Бараўляны. І вось ужо 4 гады не прымае жытла, бо дом, з ягонага гледзішча, не адпавядае праекту. Незалежная экспертыза прызнала патрабаванні нашага героя аб’ектыўнымі, да таго ж з Міністэрства будаўніцтва і архітэктуры ён атрымаў адказ, што пабудаваны дом не адпавядае стандартам. Спадар Басалыга намагаецца стварыць у судзе прэцэдэнт і паказаць іншым незадаволеным дольнікам, што з забудоўнікамі можна і варта змагацца.