Вяскоўцы паднялі бунт: няма бензіну – не ідзем на выбары


Пенсіянер Аляксандр Раткевіч жыве за 20 км ад мястэчка Ілья Вілейскага раёну. Ільеўская бензастанцыя для яго была найбліжэйшаю, і ён карыстаўся яе паслугамі 33 гады. Цяпер да АЗС – 34 км або 54 км, таму спадару Аляксандру давядзецца ехаць лішнія 40 км, каб заправіць аўта.

На думку мясцовых жыхароў, размяшчэнне заправачнай станцыі было аптымальнае.

«Тут госпіс, лякарня – гэта скрыжаванне ўсіх дарог. Напрамак на Менск, на Лагойск, на Вілейку, на Мядзель, на Маладзечна…», – распавядае колішні кліент бензастанцыі Браніслаў Паўлюкевіч.

Мясцовую інфраструктуру і сталых кліентаў бензастанцыі жыхары Ільі апісалі ў звароце ў адміністрацыю кіраўніка краіны: навакольныя калгасы, пажарныя, міліцыя, тэхнікум, дзясятак прыватных і дзяржаўных вытворчасцяў, крамы… Аднак не зважаючы на паўтары тысячы подпісаў заправачную станцыю знеслі на пачатку года.

«Не адзін ліст даслалі прэзідэнту. Адказалі, што (заправачная станцыя. – Заўв. «МП») нерэнтабельная», – распавяла нам жыхарка Ільі спадарыня Марыя.

Hавiны
Год толькі пачаўся, а паліва падаражэла трэці раз
2020.01.19 07:38

Замест гэтай бензастанцыі «Белнафтахім» пабудаваў новую, вялікую – у вёсцы Сосенцы. Цяпер ільянцам давядзецца праязджаць амаль 30 км, каб проста заправіцца. Нават не маючы іншых справаў у тым кірунку. Разам з Аляксандрам Раткевічам мы праехалі да новае станцыі. Нават знайшлі пераведзеных сюды былых працаўніц ільянскай АЗС, але размаўляць з намі ім забаранілі.

«І зараз вось думаецца, што пажарнікам не давядзецца спаць. Працы ім дабавіцца. Давядзецца мне запраўляць зараз пра запас, а пра запас шмат не возьмеш! Дзякуй вам (канцэрну «Белнафтахім». – Заўв. «МП») за такую паслугу!» – кажа спадар Аляксандр, запраўляючы сваё аўта.

Галасы ў абмен на бензін

Мы пацікавіліся ў Марыны Вазняк, намесніцы старшыні Вілейскага райвыканкаму ў пытаннях эканомікі, ці збіраюцца чыноўнікі прыслухацца да праблемаў жыхароў.

«Гэты калектыўны зварот мы накіравалі ў «Белнафтахім». Яны нам даслалі адказ, што яна (бензастанцыя. – Заўв. «МП») замартызаваная. Пералічылі шмат нарматыўных дакументаў, якім бензастанцыя не адпавядае. Як варыянт, зварот у іншую кампанію – магчымы», – распавяла нам чыноўніца.

Бензастанцыі як элемент дабрабыту нідзе не прапісаныя. На думку Міраслава Кобасы з Фонду імя Льва Сапегі, развязаць сваю праблему ільянцы могуць, аспрэчыўшы адказ «Белнафтахіму» аб нерэнтабельнасці бензастанцыі.

«Калі ёсць сумневы ў тым, што гэта праўда, што сапраўды гэта было нерэнтабельна, то можна звярнуцца ў Камітэт дзяржаўнага кантролю. Хай бы там спраўдзілі», – раіць юрыст.

Hавiны
Траіх працаўнікоў «Беларуснафты» затрымалі за хабар
2019.08.13 11:47

На сустрэчу з нашай здымачнай групай збіраліся дзясяткі чалавек. Але ў апошні момант адмовіліся: пачаўся ціск на працы. На развітанне Аляксандр Раткевіч прыгадаў пра выбары кіраўніка краіны, прызначаныя на гэты год:

«Я думаю, што нядрэнны «Белнафтахім» падарунак зрабіў напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Вось як зараз ільянцы і ўсё наваколле падумаюць пра гэтыя выбары? Хадзіць на іх або не хадзіць на гэтыя выбары? Калі абароны нідзе няма!»

Таксама ў праграме «Маю права»:

  • Шматдзетная сям’я туліцца ў аднапакаёўцы
  • Беларусы – пра сем’і, у якіх шмат дзяцей
  • Сірата са Стоўбцаў атрымала праблемны дом
  • Жыхарку Барысава перасялілі ў дом без электрычнасці

Глядзіце праграму «Маю права» цалкам:

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную сераду а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.