Вялікая прэзентацыя «Возера радасці»


«Возера радасці» – кніга, якая распавядае пра непазбежнасць сталення і пра тое, што трэба рабіць, каб заўсёды заставацца чалавекам. У галерэі Tut.by урачыста прэзентавалі новы раман Віктара Марціновіча.

Гэта ўжо пятая кніга аўтара, першапачаткова напісаная па-расейску. Па-беларуску раман пераказаў паэт і перакладчык Віталь Рыжкоў. Віктар зазначае, што ніколі не пісаў гэтак набліжана да жыцця, гэтак гіперрэалістычна. Магчыма, таму некаторыя чытачы пазнаюць сябе ў галоўнай гераіні Ясі, мяркуе ён:

«Гэта не камерцыйны прадукт, у яго няма нішавай аўдыторыі. Гэта проста людзі, якім цікава зразумець, дзе яны жывуць, і неяк асэнсаваць гэты час і гэтае месца».

Барыс Пастарнак, генеральны дырэктар выдавецкага дому «Время», дзе выйшла першапачатковая версія кнігі, паведаміў, што раман вылучылі на «Расейскую прэмію», конкурс, на якім уганароўваюць расейскамоўныя тэксты, напісаныя не ў Расеі. Віталь Рыжкоў і лёгкаатлетка Аліна Талай чыталі ўрыўкі з кнігі, а Сяргей Доўгушаў і гурт «Vuraj» арганізавалі музычнае аздабленне вечарыны.

А вось што кажа пра кнігу культуролаг Максім Жбанкоў:

«Гэта не мая ўлюбёная літаратура, але гэта істотны тэкст, істотны значна. Менавіта таму, што ён выконвае сваю місію, ён ведае, што гэта за місія і ён з ёй дае сабе рады».

Па аўтографы да аўтара пасля вечарыны пашыхтавалася чарга, што, як і колькасць удзельнікаў прэзентацыі, чарговы раз даказвае, што Віктар Марціновіч – адзін з найбольш чытаных сёння аўтараў. Таму не аднойчы за вечар чытачы выказалі спадзеў неўзабаве пабачыць наступны раман.

Іншыя тэмы: коласаўцы развіталіся з Валянцінам Цвятковым. Абвешчаны доўгі спіс намінантаў на прэмію імя Карласа Шэрмана. Выстава, прысвечаная легендарнай барахолцы Поле цудаў, адкрылася ў Цэнтры сучасных мастацтваў.

Марыя Арцыбашава, Аляксандра Дорская, Ірына Дарафейчук