Вялікая Айчынная вайна – прапагандысцкі міф ці нагода для гонару?

Якая дата канца вайны правільная: 8 ці 9 траўня? Хто перамог у вайне: СССР ці антыгітлераўская кааліцыя? У гістарычным выданні ток-шоу «Кожны з нас» знаныя эксперты дыскутуюць пра шэраг праблемных пытанняў.

«Люфтвафэ знішчала Горадню, Берасце, Баранавічы ўжо ў верасні 1939 года»

Да сёння дзяржаўная прапаганда па савецкай завядзёнцы робіць акцэнты, што вайна знянацку пачалася 22 чэрвеня 1941 года. Чаму гэта няпраўда?

«Насамрэч жыхары заходніх вобласцяў памяталі, што вайна пачалася 1 верасня 1939 года [пачатак Другой сусветнай вайны. – belsat.eu]. Дзясяткі тысячаў чалавек з першых дзён у складзе польскага войска ваявалі супраць нацыстаў, – тлумачыць Ігар Мельнікаў, кандыдат гістарычных навук. – Жудасна прызнаваць, але Горадню, Берасце, Баранавічы Люфтвафэ пачало знішчаць у верасні 1939 года».

Як Сталін дапамог Гітлеру пачаць вайну

У той жа час кандыдат гістарычных навук Кузьма Козак лічыць, што Другую сусветную і Вялікую Айчынную войны не варта сумяшчаць праз рознасць паняткаў.

«Але для тых пяці мільёнаў з Заходняй Беларусі ў памяці пакаленняў жыве тое, што заўсёды вайна пачынаецца 1 верасня», – канчае думку спадар Козак.

Чаму Беларусь акупавалі так хутка?

З усіх рэспублік СССР Беларусь пацярпела найбольш. Нас захапілі маланкавымі тэмпамі. І гэта звязана не толькі з персанальнымі пралікамі Сталіна і тактыкаю бліцкрыгу, якую паспяхова ўжылі нацысты.

«Што датычыць Заходняй вайсковай акругі, недахоп каманднага складу быў прыблізна 18 тысячаў чалавек, – прыводзіць лічбы Ігар Кузняцоў, кандыдат гістарычных навук. – Некамплект на ўзроўні камандзіра ўзводу, камандзіра роты на дзень 22 чэрвеня 1941 года быў да 40 %. І гэта найперш звязана з рэпрэсіямі. Але супернік не ўлічыў савецкага менталітэту, калі трупамі завальвалі ўсё».

Нечаканая думка Ізы Заслонавай, дачкі героя-партызана

У праграме ўзяла ўдзел дачка легендарнага кіраўніка партызанскімі сіламі на Аршаншчыне Канстанціна Заслонава. Ягоным іменем у Беларусі названыя вуліцы і нават паселішчы.

«Ішла вайна паміж дзвюма страшнымі сіламі. Адну чорную сілу ўяўляў Гітлер. А іншую страшную сілу ўяўляў Сталін, – выказваецца спадарыня Іза. – І, калі Беларусі ўдалося выстаяць і адрадзіцца, гэта мае вялікае значэнне».

Падарвалі 6 эшалонаў, напісалі – 95: як партызанілі ў БССР

Вялікая Айчынная вайна: ці важная гэта падзея ў беларускай гісторыі?

«Беларусы – народ-пераможца». «Подзвігу народу жыць у стагоддзях». Гэтыя тэзісы і праз 75 гадоў бясконца тыражуюцца. Ці абгрунтаваная такая сакралізацыя падзеяў? Чаму вайна і сёння нас не адпускае?

«Мы ўдзельнічалі ўва ўсёй Другой сусветнай вайне і ўва ўсёй Вялікай Айчыннай вайне. Па-другое, уся нашая тэрыторыя стала ў пэўным сэнсе еўрапейскім мемарыялам. Магілы не даюць забыцца пра гэтую вайну», – выказвае меркаванне кандыдат гістарычных навук Андрэй Кіштымаў.

Кузьма Козак разважае над тым, што вайна ў Беларусі – гэта найперш шырокі, масавы партызанскі рух, аналагаў якому няма нідзе ў свеце.

Партызаны ў Беларусі: вайна ўсіх супраць усіх

Гісторык Ігар Мельнікаў акрэслівае ключавую праблему, якая датычыць пазіцыі адносна Другой сусветнай вайны ў нашай краіне:

«Вельмі важным момантам ёсць тое, што ў нас да сёння не распрацаваны беларускі погляд на тыя падзеі».

За што сталінскія ўлады адпраўлялі настаўнікаў у ссылкі? Ці ўсе, каго назвалі калабарантамі, імі былі? Як здарылася, што беларускі доктар анатамаваў труп самага вядомага нацысцкага прапагандыста Гёбэльса? Пра ўсё гэта глядзіце ў прэм’ерным выданні ток-шоу «Кожны з нас».

Праграма «Кожны з нас» выходзіць кожную пятніцу а 18:35. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» і на нашай старонцы.

Падпісвайся на telegram Белсату

Больш матэрыялаў

Пры ўсёй нябачнасці пратэстаў супраціў не меншае, а толькі расце

«Выбары сфальсіфікаваныя. І што?» Скандальны выпуск ток-шоу «Кожны з нас»

Замах на Лукашэнку можа рыхтаваць толькі Расея

Літоўцы б’юць трывогу. Ці можа АЭС у Астраўцы паўтарыць лёс Чарнобылю?

Як у Кітаі: Лукашэнка рыхтуе сабе пажыццёвае месца ва ўладзе

Стварэнне новай партыі «Разам» расколвае і дэкансалідуе дэмакратычныя сілы?

Ці вядуць перамовы Захад і РФ пра лёс Лукашэнкі?

Якія памылкі часу БНР трэба ўлічваць сёння