Пра цацкі, цацканне, абяцанкі-цацанкі, лялькі ды лялькаводаў – у граматычнай частцы праграмы. А наш госць, музыка-купалавец Эрык Арлоў-Шымкус, распавядзе пра кантрабас і дзве спробы вывучыць беларускую мову.
Эрык Арлоў-Шымкус – музыка і кампазітар, які раней працаваў у Купалаўскім тэатры і сышоў разам з акторамі, удзельнік гуртоў «Vuraj», «ili-ili», «luty sakavik» і «Harotnica mix».
Каляды для Эрыка – важнае свята, ад якога ён атрымлівае падвойнае задавальненне.
«У першую чаргу для мяне Каляды звязаныя з касцёлам. Заўсёды ты ідзеш увечары 24 на вечаровую службу. А яшчэ я падчас службы граю ў аркестры. І атрымалася, што я «з усіх бакоў» удзельнічаю: і як каталік, і як музыка. Таму я задаволены ўдвая», – кажа музыка.
Эрык не адразу зрабіўся беларускамоўным. Першая спроба правалілася. Але ўрэшце ўсё атрымалася, што яго вельмі цешыць.
«Беларуская мова дадае мне нейкай унутранай упэўненасці, таму што я хацеў вывучыць яе. Я гэта зрабіў, і для мяне гэта важна, таму што гэта частка маёй самаідэнтыфікацыі. Але другі момант – што праз удасканаленне беларускай ты лепей тады і іншыя мовы разумееш, пабудову мовы», – тлумачыць музыка.
Чаму Эрык звольніўся з Купалаўскага тэатру разам з акторамі? Як яго затрымалі на дэманстрацыі? У чым правінілася перад уладамі менская Эйфэлева вежа? Чаму першая Эрыкава спроба перайсці на беларускую мову была няўдалаю? Пра ўсё гэта Эрык распавядзе ў размове з Глебам Лабадзенкам, а таксама павучыць яго граць на кантрабасе.
У святочнай граматычнай частцы Алеся Літвіноўская спрабуе сябе ў ролі чэшскай лялькаводкі, і патлумачыць, каму радасць ад абяцанак-цацанак і якія бываюць лялькі ды цацкі.
Адукацыйную праграму «Мова Нанова» глядзіце кожную нядзелю а 20:20 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва – «Sirius4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.