Мова Нанова Вы таксама можаце прыгожа загаварыць па-беларуску! Майстар-клас ад Зінаіды Бандарэнка


Калі вы хочаце навучыцца правільнаму беларускаму вымаўленню – гэта перадача для вас! Народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, якая сёння вядзе папулярныя курсы дыктарскага майстэрства, распавядзе гледачам і вядоўцам перадачы «Мова Нанова» як трэба прамаўляць па-беларуску і пакажа карысныя практыкаванні.

Асноўныя правілы беларускага вымаўлення

Галосныя гукі

  • А вымаўляецца пасля цвёрдых зычных на месцы ненаціскнога о, э, а (аканне): горача — гарачы, шэрсць — шарсцяны, шэпт — шаптаць. Выключэнне: словы іншамоўнага паходжання, дзе э не пераходзіць у а (жэтон, дэкада); словы са спалучэннямі ро, ло, рэ, дзе не пад націскам вымаўляецца і пішацца ы (блохі — блыха, хрэсьбіны — хрысціць, глотка — глыток, крошка — крышыць).
  • А вымаўляецца пасля мяккіх зычных (т.зв. арфаграфічнае я) на месцы о, э (арфаграфічнае ё, е) у першым складзе перад націскам (яканне): цецерукі — цецяру́к, Сцепаніда — Сцяпа́н, зеленаваты — зялёны. Выключэнне: словы іншамоўнага паходжання (кефір, бетон, сезон). Прыназоўнік без і часціца не вымаўляюцца з яканнем, калі стаяць перад словам, што пачынаецца з націскнога склада: б[я]з ма́ці, н[я] трэ́ба.
  • І ў пачатку слова, пасля галоснай або апострафа звычайна вымаўляецца з прыстаўным й: да йіх, за Йіванам. Выключэнне: й не вымаўляецца перад прыстаўным і, а таксама ў запазычаных словах: імчаць, ільняны, інстытут. Пасля зычных і вымаўляецца як ы: з ымі, ад Ывана.

Зычныя гукі

  • Г вымаўляецца фрыкатыўна, працяжна, пры аглушэнні перходзіць у х: лёгкі — лёхкі. Выключэнне: г звычайна вымаўляецца як выбухны ў некаторых запазычаннях: гузік, ганак, гонта, нягеглы, газа, швагер, гвалт, гарнец.
  • Зацвярдзелыя зычныя ж, ш, ч, дж, р, ц вымаўляюцца заўсёды цвёрда.
  • Д і т пры змякчэнні вымаўляюцца як дз’ і ц’ з невялікім адценнем шапялявасці (дзеканне і цеканне): два — дз’ве, цвёрды.
  • Дж, дз’, дз вымаўляюцца як адзін злітны не­па­дзель­ны гук: сяджу, дзесьці, пэндзаль. Выключэнне: на сутыку марфем вымаўляюцца раздзельна: ад-зняць, ад-жаць).
  • Падоўжаныя зычныя гукі вымаўляюцца як адзін доўгі гук: палоззе, разводдзе. Выключэнне: на сутыку марфем гукі вымаўляюцца раздзельна: раз-званіць.
  • Гукі з і с перад іншымі мяккімі зычнымі вымаўляюцца мякка (асіміляцыйная мяккасць): без[ь]зямельны, з[ь]мес[ь]ці. Прычым з’ і с’ у нашай мове больш мяккія, чым, напрыклад, у рускай (вымаўляюцца нават з адценнем шапялявасці), але менш мяккія, чым у польскай. Не адбываецца асіміляцыйная мяккасць пасля мяккіх г’, к’, х’: раскіс, згінуў.

Спалучэнні гукаў:

  • Звонкія зычныя перад глухімі вымаўляюцца як глухія (аглушэнне): казка — каска, легчы — лехчы.
  • Глухія зычныя перад звонкімі вымаўляюцца як звонкія (азванчэнне): малацьба — маладзьба, касьба — казьба.
  • Спалучэнні тр, др у словах кшталту кіламетр, літр вымаўляюцца як тар, дар: кіламетар, літар.
  • Шыпячыя зычныя пры вымаўленні прыпадабняюцца да свісцячых: на лыжцы — на лысцы, апранаешся — апранаесся.
  • Свісцячыя зычныя прыпадабняюцца да шыпячых: сшытак — шшытак, бесчалавечны — бешчалавечны.
  • Спалучэнні дц, тц, чц вымаўляюцца як доўгі цц: у лодцы — у лоццы, на рэчцы — на рэццы.
  • Спалучэнні дч, тч вымаўляюцца як доўгі чч: лётчык — лёччык, выкладчык — выклаччык.
  • Спрашчэнне груп зычных, калі спалучэнні зс, гс, жс, шс, сц вымаўляюцца як с: французскі — францускі, чэшскі — чэскі, брэсцкі — брэскі.
  • Спалучэнне дс вмаўляецца як ц: гарадскі — гарацкі.
  • Спалучэнне чн пры вымаўленні захоўваецца: яечня, смачна.
Глядзі таксама
Каментары