Вольскі і сандзень у кавярні


У той жа дзень і час, праўда, не ў тым месцы, якое планавалася раней… Нягледзячы на перашкоды, Лявон Вольскі даў канцэрт у Менску ў галерэі «Tut.by». За апошнія тры гады ў родным Менску славуты музыка выступаў нелегальна – або на закрытых вечарынах, або на спантанных акцыях. І вось урэшце менскія ўлады далі афіцыйны дазвол на ягоны канцэрт. Але цуду не здарылася – кавярня, дзе планаваўся выступ, вымушана зачынілася на сандзень.

Аднак Лявон з самага пачатку не быў рады дазволу:

«Я быў засмучаны. Бо мне здавалася, што дазвол атрыманы на такі канцэрт супольны, і я буду ў спісе выканаўцаў, якія дазволеныя, а сыграю толькі 10–12 песень. А калі я захачу сыграць канцэрт з Паўлам Аракелянам, акустычным або электрычным складам, то мне адмовяць. Я зразумеў, што сюрпрызаў не будзе, што ўсё застаецца як было».

Забаронены канцэрт, квіткі на які былі раскупленыя яшчэ за 10 дзён да пачатку, удалося перанесці з кавярні «Chil Out» у галерэю «Tut.by». Лявон парадаваў гледачоў сэтам з найлепшых песень. Сваім выступам ён падтрымаў фіналістаў конкурсу маладых выканаўцаў «Заспявай 3.0», падкрэсліў вядоўца канцэрту, музыка Алег Хаменка:

«Такія асобы, як Вольскі, Міхалок, Вайцюшкевіч – яны гатовыя нас падтрымліваць, гэты фестываль, і гатовыя падтрымліваць маладых музыкаў, таму варта рабіць усё магчымае і немагчымае дзеля таго, каб гэтыя асобы выходзілі на фестывалях, якія робяць значны ўнёсак у сённяшнюю беларускамоўную культуру краіны».

Вольскі мяркуе зладзіць узімку маштабны электронны канцэрт у Вільні. Цяпер вядуцца перамовы з літоўскім МЗС наконт візавага падтрымання для гледачоў з Беларусі.

ІНШЫЯ ТЭМЫ:

Бах на даху і «Кіна-Пікнік» на ўзбочыне

Свята Украіны – свята падтрымання

Аляксандра Дорская, Вольга Гардзейчык, Сяргей Будкін belsat.eu