Вольга Грыб распавяла, чаму ФСБ маглі выкрасці ейнага брата Паўла


Беларусь – мірная краіна, прыязная да турыстаў і суседзяў. Гэта нашыя ўлады паўтараюць як мантру. Але ўзнікае нейкі дысананс, калі мяжу Беларусі перасякае ўкраінец Павел Грыб. І ягоны след знікае ў нашай краіне.

Справа цягнецца з 24 жніўня. І да сёння месцазнаходжанне 19-гадовага хлопца застаецца невядомым. Хаця афіцыйны Менск пацвярджае факт перасячэння беларускае мяжы. Зʼяўляліся падазрэнні блізкіх, што Паўла выкралі з Беларусі расейскія спецслужбы. Потым, што ён нібыта ўтрымліваецца ў СІЗА ў Краснадары. Аднак пошук працягваецца. Родныя звяртаюцца па дапамогу да міжнароднае супольнасці.

«Пра тое, дзе знаходзіцца мой брат невядома ўжо цягам 12 дзён.На сёння ў нас ёсць пацверджанне ад украінскіх і беларускіх памежнікаў, што Павел перасякаў мяжу. Беларускі бок ад 24 да 31 жніўня не давала інфармацыі, што ён мяжу перасякаў», – распавядае госця праграмы Вольга Грыб.

Да размовы далучаецца Эдуард Пальчыс. Актывіст кажа, што ФСБ без праблемаў дзейнічае не толькі ў Беларусі, але ў Лондане і іншых дзяржавах, дзе ёсць межы і візавая ахова.

«Ведаючы беларускую сітуацыю, для ФСБ дзейнічаць у Беларусі не праблема. Таксама КДБ наведваліся ў Маскву, калі ў іх былі пытанні да Баранчыка, сачылі за Баумгертнерам. Мяжа дзейнічае ў два бакі», – кажа Пальчыс.

«Цяжка меркаваць, чаму выкралі майго брата, але ўкраінскі СБУ таксама лічыць, што гэта ФСБ, таму можна лічыць гэта афіцыйнай пазіцыяй Украіны. Кіеву не на руку псаваць адносіны з суседзямі, але мы маем прэцэдэнты, калі людзей затрымлівалі на тэрыторыі Расеі. Майму брату 19 гадоў, ён малады. У яго яшчэ не сфармавалася бачанне свету. Такімі людзьмі вельмі проста кіраваць. Магчыма, з ім доўга працавалі», – распавядае Вольга Грыб.

Цалкам размову Сяргей Падсасоннага з Вольгай Грыб і Эдуардам Пальчысам глядзіце ў «Гарачым каментары»