Вольга Гарбунова: Міліцыя – галоўны паплечнік у перадухіленні хатняга гвалту


Хатні гвалт у дачыненні жанчыны адбываецца ў кожнай трэцяй беларускай кватэры. Траціна беларусак сутыкаецца з гвалтам фізічным, чвэрць – з псіхалагічным. І гэта не залежыць ад узросту ці сацыяльнага статусу. Такія дадзеныя прыводзіць грамадскае аб’яднанне «Радзіслава», якое спецыялізуецца на дапамозе пацярпелым жанчынам. Гэтая і іншыя арганізацыі бяруць удзел у інфармацыйнай кампаніі пад назваю «Не маўчы! Спыні гвалт у сям’і». Кіраўнічка аб’яднання Вольга Гарбунова разважае ў эфіры пра эвалюцыю хатняга гвалту ў Беларусі і галоўных рэцэптах барацьбы з ім.

«У выпадку хатняга гвалту трэба звярнуцца хаця б да каго-небудзь, – раіць адмысловец. Кажучы пра ахвяраў, мы часта выкарыстоўваем тэрмін «сіндром танальнага бачання»: ім падаецца, што яны засталіся адныя і ў самоце, у дапамогу або абарону яны не вераць.

«Калі ёсць магчымасць выклікаць міліцыю, паразмаўляць з сяброўкай або звярнуцца на агульнанацыянальную гарачую лінію або звярнуцца ў прытулак – трэба зрабіць хаця б нешта. Першы крок – распавесці. Маўчанне прыводзіць да таго, што чалавек не ведае, што ёсць службы, здольныя дапамагчы. У іншым выпадку няма шанцаў пазбавіцца ад гэтае праблемы».

Вольга Гарбунова адзначае, што колькасць зваротаў у іхную арганізацыю або на нацыянальную гарачую лінію расце:

«Падвышаецца інфармаванасць аб дадзенай праблеме, расце колькасць сацыяльных сэрвісаў, якія могуць аказаць падтрыманне, – кажа Гарбунова. – Але трэба звярнуць увагу таксама на негатыўную тэндэнцыю: хатні гвалт – фізічны, псіхалагічны, сексуальны – удасканальваецца, становіцца больш вычварным».

Экспертку радуе пазіцыя Міністэрства ўнутраных справаў на з’яву.

«Органы ўнутраных справаў – нашыя асноўныя памочнікі і паплечнікі ў папярэджанні хатняга гвалту. Іх актыўная пазіцыя ў апошнія гады нас вельмі радуе. Менавіта МУС лабіюе ідэю прыняцца кансалідаванага закону аб перадухіленні хатняга гвалту».

Поўную размову Таццяны Рэут з Вольгай Гарбуновай глядзіце ў «Гарачым каментары»