Волчак: Прыйдуць збіраць падатак на дармаедаў, людзі схопяць не толькі тапары


Праваабаронца Алег Волчака мяркуе, што адной з прычынаў гучнага забойстве ў менскім гандлёвым цэнтры з’яўляецца агрэсіўнасць нашага грамадства.

«Гэтае дэманстратыўнае забойства паказала, што ў Беларусі ёсць людзі з рознай псіхікай і ёсць праблема ў нашай дзяржавы па гарантаванні бяспекі. І гэтая тэма цяпер вельмі важная і актуальная для ўсіх людзей», – заявіў у «Гарачым каментары» Алег Волчак.

Разам з тым ён кажа, што нам усім трэба супакоіцца.

«Я прачытаў форумы і цяпер крыху ў шоку: якая агрэсіўнасць у людзей! Гэта вельмі дрэнна, бо гэтая агрэсіўнасць не адрозніваецца ад той, якую меў юнак-забойца. Хочуць расчляніць і ўвайсці тым самым у Сярэднявечча. Такіх асобаў, як той забойца, трэба кантраляваць на раннім этапе, абясшкоджваць. Лічу, што нават гэтае злачынства можна было загадзя прадбачыць і хаця б мінімізаваць наступствы».

У той жа час праваабаронца прывёў прыклад сітуацыі, у якой цяпер можа праявіцца агрэсіўнасць беларусаў:

«Калі пачне рэальна працаваць гэты падатак на дармаедаў, то, паверце, шмат хто не толькі тапары схопіць, калі да іх прыйдуць апісваць маёмасць ці браць пад арышт. Таму гэта праблема шырэйшая – гэта выхаванне не толькі ў сямʼі, але і школа, і дзіцячы садок. Гэта ўсё ідзе павольна, назапашваецца гадамі».