Віцэ-прэзідэнт ЗША патлумачыў, чым Расея пагражае сусветнаму ладу


Трэці дзень сусветнага эканамічнага форуму ў Давосе. Палітыкі, інвестары і эканамісты нібыта сабраліся паразважаць пра эканамічныя праблемы, але галоўнай павесткай сустрэчы сталі палітычныя пытанні і зусім не эканамічныя выклікі.

Ні прэзідэнт Барак Оўбама, якому застаўся дзень на пасадзе, ні Доналд Трамп, што рыхтуецца да заўтрашняй інаўгурацыі, на эканамічны форум у Давосе не зʼявіліся. Злучаныя Штаты ў Швейцарыі на форуме прадстаўляў дзейны віцэ-прэзідэнт, які намагаўся патлумачыць сваё бачанне свету падчас кіравання Доналда Трампа.

«Выклікі і выбары, якія стаяць перад міжнароднай супольнасцю не абапіраюцца выключна на лідарства Вашынгтону. То бок, я не кажу, што лідарства Вашынгтону не мае значэння, але не варта на яго гэтак спадзявацца», – заявіў віцэ-прэзідэнт ЗША Джо Байдэн.

Ён таксама нагадаў пра неабходнасць падтрымання збройнага хаўрусу паміж Вашынгтонам і Бруселем. І выказаў спадзеў, што Вялікая Брытанія, нягледзячы на Брэкзіт застанецца сябрам Еўразвязу дзеля падтрымання агульнаеўрапейскай бяспекі. Уласна брытанскі прэмʼер Тэрэза Мэй стала адной з ключавой фігураў сёлетняга форуму. Калі краіна насамрэч пачне выхад з Еўразвязу, чаго чакаць інвестарам у брытанскую эканоміку, ды якімі будуць дачыненні Лондану і сталіцы Абʼяднанай Еўропы? На ўсе гэтыя пытанні прынамсі пакуль адказу не прагучала.

Вось што заявіла Тэрэза Мэй:

«Амаль паўгода таму мільёны маіх суграмадзянаў паслалі свету магутны сігнал пра тое, што хочуць спакойна пакінуць Еўрапейскі звяз. Давайце не будзем недаацэньваць вагі гэтага рашэння. Гэта азначае, што Брытанія ўваходзіць у перыяд неверагодных пераменаў. Гэта значыць, што мы мусім нанова вызначыць сваё месца ў свеце. Пры чым застаецца відавочным, што Брытанія зацікаўленая ў поспеху Еўразвязу».

Паводле Тэрэзы Мэй, пасля канчатковага выйсця з Абʼяднанай Еўропы, Лондан спадзяецца захаваць дзейныя льготныя гандлёвыя ўмовы. Праўда, якім чынам тое будзе зроблена – невядома. Удакладняе планы свайго шэфа міністр фінансаў Вялікай Брытаніі. Ён распавёў пра галоўную мэту краіны, што збіраецца выйсці з Еўрапейскага Звязу

«Скажу наўпрост – мы хочам у будучыні асягнуць блізкія і гарманічныя дачыненні з Еўрапейскімі суседзямі. І гэта азначае: сурʼёзную працу над усімі нашымі пагадненнямі ў гандлі, інвестыцыях, у галінах бяспекі, адукацыі, навукі і тэхнікі. Я думаю, што большасць брытанцаў прагне, каб гэтыя рэчы не змяняліся», – адзначыў міністр фінансаў Вялікай Брытаніі Філіп Гэманд.

Брэкзіт, рост уплыву папулісцкіх і ізаляцыянісцкіх рухаў ды палітыкаў. Гэта праблемы глабальныя, але акрамя іх ёсць і канкрэтная пагроза – з Расеі.

«Расея Пуціна робіць усё, каб падзяліць краіны Еўрапейскай супольнасці, каб вярнуць паняцце сфераў уплыву. Яна агрэсіўная для сваіх суседзяў, высылаючы гэтак званых »зялёных чалавечкаў« праз мяжу і распальваючы сепаратызм ува Украіне. Ужывае энергію, як зброю, адключаючы газ пасярод зімы і ўсталёўваючы палітычныя цэны на энерганосьбіты», – заўважыў Джо Байдэн.

Але галоўная зброя Масквы, паводле віце-прэзідэнта, зусім не ейная гаспадарка, ці армія. Крамлёўская прапаганда, мяркуе Байдэн, гэта тое, што пагражае не толькі палітычнаму, але і эканамічнаму сусветнаму ладу.

Глядзіце таксама: