Віталь Цыганкоў: Улады Беларусі за Еўрапейскія гульні, хоць багатая Галандыя ад іх адмовілася


Еўрапейскія гульні-2019 прыме Беларусь. Аляксандр Лукашэнка заявіў пра гатовасць. Пытанне: хто і як будзе плаціць, калі краіна ў даўгах як у шаўках?

Леташнія Еўрапейскія гульні прайшлі ўпершыню, а прыняў іх Азербайджан. Афіцыйна, яны каштавалі больш за мільярд долараў. Але ёсць і неафіцыйныя падлікі выдання Бі-Бі-Сі, якія гавораць нават пра 5 мільярдаў долараў. І гэта ў нафтавай дзяржаве. Беларусь мае вялізарныя пазыкі, нястачу ў бюджэце, а таксама лідаруе ў росце коштаў на постсавецкай прасторы. Ці патрэбныя нам такія гульні?

Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў заўважыў, што кіраўніку Беларусі Аляксандру Лукашэнку гэтая імпрэза дасць пачуццё гонару за краіну, якую ён узначальвае.

«Мы ведаем, што Беларусь пагадзілася прыняць гэтыя гульні пасля таго, як ад іх адмовілася Галандыя, багатая краіна, бюджэт якой прыблізна ў 12 разоў большы за беларускі. Але яны не знайшлі некалькі дзясяткаў мільёнаў долараў дзеля таго, каб прыняць гэтыя гульні. А Беларусь знойдзе. Гэта азначае, што ў Беларусі народныя грошы, як мы гэта называем, ніхто не лічыць, а пытанне прэстыжу для кіраўніка дзяржавы важнейшае чымся пытанне, у што гэта абыдзецца ўсім беларусам», – заўважыў адмысловец.

Больш – у відэаматэрыяле.

МЯ, belsat.eu