Аўтар новай праграмы на Белсаце: Вясковае – гэта тое, чым варта ганарыцца


Аўтар новай праграмы «Белсату» распавядае, што пабачаць гледачы ў праграме «Вяскоўцы».

Ужо сёння стартуе вясковае рэаліці-шоу.

«Колькі я там наслухаўся розных гісторый, наспяваўся песень! Начаставаўся розных страваў, пра якія чуў, але якія не каштаваў. Гэта можна апісваць цэлымі гадзінамі, днямі і начамі. Гэта ўсё будзе паказана, і гледачы нашыя гэта пабачаць. Я стараўся прадставіць самае цікавае, самае каларытнае і самабытнае з нашых беларускіх вёсак», – дзеліцца ўражаннямі ад працы над праграмай Віктар Шукеловіч.

І дадае, што вясковым варта ганарыцца:

«Я хачу сказаць, што ў Беларусі вясковых жыхароў штораз меней, яны знікаюць. Беларусь – адна з самых урбанізаваных краінаў у нашым рэгіёне. Маладыя ўсе ўцякаюць з вёскі, і яны хочуць гэта адапхнуць ад сябе. Яны не хочуць занадта атаясамлівацца з тым, што ёсць у вёсцы. Я ж у праграме хачу паказаць, што вясковае – гэта цікавае, самабытнае, гэта тое, чым можна і варта ганарыцца. Гэтага не трэба саромецца».

Вядома, ёсць у вёсцы і праблемы, пра якія таксама будзе гаворка ў нашай новай праграме.

«Жыццё паўсюль мае свае плюсы і мінусы. І пра гэтыя плюсы і мінусы мы таксама хочам гаварыць. Шмат хто гаворыць пра тое, што ўцякае моладзь. Я заўважыў, што для старэйшага і сярэдняга пакалення гэта вялікі цяжар, яны ніяк з гэтым не могуць звыкнуцца. Яны ўвесь час наракаюць, што моладзь з’язджае, і яны не ведаюць, як яе затрымаць, няма рэцэпту. Я таксама не ведаю, але думаю, што разам з маймі героямі мы будзем шукаць адказ на гэтае пытанне. Гэта вялікі боль, я зразумеў, для сучасных жыхароў вёскі», – адзначае Віктар Шукеловіч.

Будзе і боль, будзе і радасць, будуць і традыцыі – усё гэта ў праграме «Вяскоўцы». 7 верасня глядзіце паўтор праграмы а 09:55 у нашым эфіры альбо онлайн на нашай старонцы.

НМ, belsat.eu