Ветэрана працы ды інваліда зсяляюць у 1 пакой, каб вызваліць месца для сірот


Ушчыльненне па-віцебску

Віцяблянка Вольга Васілеўская ўсё жыццё адпрацавала на станкабудаўнічым заводзе «Вістан». Пакуль яна разам з сынам-інвалідам займае блок у інтэрнаце. Аднак гарадскія ўлады прапануюць спадарыні Вользе перасяліцца ў адзін пакой. Калі ж яна не пагодзіцца, пагражаюць судом і высяленнем. У падобнай сітуацыі апынуліся яшчэ дзесяць сем’яў працаўнікоў прадпрыемства. Людзі маюць звярнуцца да свайго парламенцкага дэпутата, а таксама чакаць, ці ўлады сапраўды распачнуць судовыя працэсы супраць іх.

Як мітынгуюць вазочнікі

У Менску адбыўся мітынг інвалідаў-вазочнікаў. Удзельнікі падкрэслівалі, што не пераследуюць палітычных мэтаў, а толькі патрабуюць звярнуць увагу ўладаў і грамадскасці на іхныя праблемы. Людзі з абмежаванымі магчымасцямі кажуць, што дагэтуль сутыкаюцца з дыскрымінацыяй пры ўладкаванні на працу. А безбарернае асяроддзе ў краіне, паводле нашых суразмоўцаў, яшчэ зусім не дасканалае.

Апытанне: чаму на вуліцы не спаткаеш інваліда?

Паводле афіцыйнае статыстыкі, больш за паўмільёна жыхароў нашае краіны – інваліды розных групаў. Фактычна гэта кожны дваццаты беларус. Мы запыталі мінакоў: чаму, на іхную думку, людзей з абмежаванымі магчымасцямі амаль не відаць на вуліцах гарадоў?

Лес высякаюць для аматараў тэнісу

Цнянскае вадасховішча – улюбёнае месца адпачынку менчукоў ува ўсе поры года. Аднойчы жыхары мікрараёну «Зялёны луг» пабачылі, што кавалак лесу ля вадаёму пачалі высякаць. Пляцоўку блізу вадасховішча зачышчаюць, каб узвесці прыватны тэнісны цэнтр. Абураныя гэтым фактам, людзі пачалі актыўна дзейнічаць: грукацца ўва ўсе дзверы чыноўнікаў і збіраць подпісы за спыненне будаўніцтва.

Бадзяжную жывёлу забіваюць за нашыя грошы

Жыхары вуліцы Фролікава ў Менску звярнулі ўвагу на тое, што ў іхны двор некалькі разоў на месяц наведваецца аўта арганізацыі «Фаўна гораду», якая ловіць бадзяжную жывёлу. Менчукі даведаліся: кожны гэткі візіт абыходзіцца гарадскому бюджэту амаль у тры мільёны рублёў. Людзі кажуць, што больш мэтазгодна ствараць за гэтыя сродкі прытулкі ды стэрылізаваць бадзяжак. А пакуль гэта падобна да вайны з ветракамі. Да таго ж – за грошы.