Вершы і песні супраць страху і хлусні


Літаратары, мастакі, філосафы і музыкі выказалі салідарнасць з усімі, хто цярпіць пераслед пасля сакавіцкіх пратэстаў. Інтэлектуальны марафон «Разам» адбыўся ў кнігарні «Логвінаў».

Уладзімір Мацкевіч, Юля Цімафеева, Руслан Вашкевіч – агулам тры дзясяткі вядомых асобаў выступілі дзеля падтрымання беларусаў, якія ў сакавіку выходзілі на акцыі пратэсту і Дзень Волі. Арганізатарамі марафону сталі паэт Андрэй Хадановіч, сацыёлаг Таццяна Вадалажская і філосаф Таццяна Шчытцова, таму ён сабраў творчую і інтэлектуальную эліту. Выступоўцы пагаджаліся імгненна, і нават не ўсе змясціліся ў праграму, кажа Таццяна Шчытцова:

«Сфера нашай дзейнасці такая, што мы працуем са словам і стварэннем сэнсу. І я думаю, сёння нашай краіне неабходныя людзі, здольныя вярнуць сэнс ува ўсё, што адбываецца з намі, і вярнуць павагу да чалавечай годнасці».

Гімн «Белага легіёну» ў выкананні дудара Алеся Мікуса нагадаў пра патрыётаў, гісторыкаў, кнігароў, якія сёння за кратамі праз абсурдныя абвінавачанні. Творчая супольнасць не можа заставацца ўбаку ад палітыкі, бо сіла ў слове, лічыць пісьменнік Павел Касцюкевіч:

«У гэтым нашая сіла, менавіта ў тым, каб сказаць, не маўчаць. Магчыма, сказаць за тых, хто не можа сказаць з тых ці іншых прычынаў.

Гэткага меркавання і літаратар Альгерд Бахарэвіч:

«Праявіць салідарнасць з людзьмі, бо што б мы ні казалі пра гэтую ўладу, як бы ні крытыкавалі яе з палітычнага гледзішча, з грамадскага, мы мала гаворым пра тое, якая яна ўбогая і бяздарная эстэтычна, як яна супрацьпастаўляе сябе культуры».

Песні свабоды і кахання праспяваў Лявон Вольскі, а зала не пусцела ўсе чатыры гадзіны, якія доўжыўся марафон салідарнасці.

ІНШЫЯ ТЭМЫ:

Усё будзе добра – у Магілёве.

Сталічныя мастакі паспаборнічаюць… з Шагалам.

Як выглядалі будынкі, якіх ужо няма?

Аляксандра Дорская, Вольга Гардзейчык, «Белсат»