Верамеенка, Салаш, Міркавіч. У «Цмокаў» – новы склад і лагатып


Баскетбалісты «Цмокаў» рыхтуюцца да новага сезону. У складзе: Уладзімір Верамеенка, Максім Салаш і Бранка Міркавіч. З такою «бандаю» можна замахнуцца на многае!

Леташні сезон быў для мужчынскай каманды няўдалым. Апошняе месца ў табліцы Адзінай лігі ВТБ і вылет з Кубку Еўропы ФІБА пасля першай групавой стадыі – вынікі, якія не назавеш прыемнымі. Было, вядома, «дзяжурнае» золата ў чэмпіянаце Беларусі, але яго пакінем па-за дужкамі.

У новы сезон «Цмокі» рушаць з абноўленымі лагатыпам і складам. І тое, і іншае прэзентавалі публіцы на ўрачыстай цырымоніі.

Лагатып стаў двухкаляровым: белы цмок на сінім фоне. А вось «ростар» каманды наадварот набыў новыя стракатыя фарбы. Напрыклад, кантракт з менскім клубам падпісала легендарная постаць беларускага баскетболу Уладзімір Верамеенка. Амаль усю сваю кар’еру ён правёў у замежных клубах (пераважна расейскіх), дасягнуўшы з імі немалых поспехаў. Цягам 2000-х гадоў Уладзіміра шэсць разоў вызнавалі лепшым баскетбалістам краіны.

Уладзімір Верамеенка, гулец БК «Цмокі» (Менск):

«З галоўным трэнерам мы размаўлялі яшчэ ў мінулым сезоне. Калі ён стаў трэнерам, прапанаваў мне падумаць над пераходам у склад «Цмокаў». Улетку я трэнаваўся сам, ён патэлефанаваў мне. Мы ўсё абмеркавалі. І вось я тут».

Уладзіміра Верамеенку беларускія баскетбольныя заўзятары ўспрымаюць неадназначна. У свой час ён ігнараваў выклікі ў нацыянальную зборную, а потым увогуле адмовіўся за яе выступаць, спаслаўшыся на траўмы, якія не хацеў пагаршаць.

Аднак галоўны трэнер «Цмокаў» Расціслаў Вяргун гатовы стаць на абарону свайго новага падначаленага:

«Я заўсёды думаў, што яму варта вярнуцца дадому. У яго вельмі вялікая гісторыя. Я бачу, як шмат крытыкі мы атрымліваем праз тое, што падпісалі яго. Але давайце не будзем забываць, адкуль ён атрымаў усе гэтыя праблемы са здароўем, гуляючы з дзяцінства за зборныя трох узростаў, потым за нацыянальную… Магчыма, гэта паўплывала на тое, што чалавек цяпер мае такія праблемы. Бо ў дзяцінстве яго выкарыстоўвалі няправільна».

Далучыліся да складу каманды ўлетку і «старыя знаёмыя» – форвард Максім Салаш і разыграўца Бранка Міркавіч. Абодва вярнуліся ў Менск з Эстоніі, дзе выступалі за таллінскі «Калеў», які ў мінулым сезоне ўпершыню трапіў у плэй-оф Лігі ВТБ.

Расціслаў Вяргун, галоўны трэнер БК «Цмокі» (Менск):

«Я вельмі хацеў вярнуць Макса. Гэта была адна з нашых глабальных задачаў. Вельмі спадзяюся, што Макс здолее стаць лідарам клубу. Ён пасталеў, і яму павінна быць цікава зрабіць гэты крок наперад. А Бранка мы адводзім ролю лідара, правадыра. Гэта чалавек з багатым гульнёвы досведам, які пагуляў на вельмі высокім узроўні. У мінулым сезоне ён вывеў каманду да плэй-оф Лігі ВТБ. Гэта кажа пра тое, што ён у аптымальнай форме. Улічваючы яго прафесіяналізм, думаю, ён справіцца са сваймі абавязкамі і павядзе наперад маладых беларускіх разыграўцаў».

Максім Салаш правёў у Эстоніі толькі адзін сезон, а вось Бранка Міркавіч – цэлыя тры. Цяпер у «Цмоках» ужо іншыя баскетбалісты і трэнерскі штаб, але вялікай праблемы серб у гэтым не бачыць.

«Гэта нармальна, як і ў любой камандзе. Новыя сябры, новыя трэнеры. Трэба працаваць, выконваць тое, што хоча трэнер. І ўсё будзе нармальна!» – каментуе Бранка Міркавіч, гулец БК «Цмокі» (Менск).

Гучныя імёны ў складзе – гэта файна, а як справы з маладымі гульцамі? Расціслаў Вяргун, галоўны трэнер БК «Цмокі» (Менск):

«Зараз у Кітаі праходзіць чэмпіянат свету. І літоўцы ў першай гульні мелі 7 чалавек, якія набралі больш як 10 пунктаў. Гэта кажа пра «глыбіню» каманды. А ў нас было 6 чалавек, якія набралі больш як 10 пунктаў у матчы з «Рытасам». Сярод іх – Макс Салаш, Жэня Белянкоў, Андрэй Стаброўскі. То бок тры маладыя беларусы, якія максімальна ўдзельнічалі ў гэтай перамозе. Калі мы здолеем працягваць у такім жа ключы, і яны змогуць мець 10–15 хвілін на пляцоўцы, то ў плане іхнага развіцця гэта сезон будзе вельмі якасным».

Пасля леташніх няўдач «Цмокі», вядома ж, хочуць рэабілітавацца ў вачах заўзятараў. Першы матч у Лізе ВТБ чакае іх 5 кастрычніка, але перад гэтым падначаленыя Расціслава Вергуна пазмагаюцца з фінскім клубам «Карху» у кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў.

«Мы марым туды трапіць. Заўсёды нешта адбываецца ўпершыню. У Лізе чэмпіёнаў мы яшчэ не былі, вельмі хочацца менавіта з гэтым складам вырашыць такую задачу. Ну, вядома ж, хочам у Лізе ВТБ трапіць у плэй-оф. Чаму б не паўтарыць леташняга поспеху «Калева»?» – дзеліцца галоўны трэнер «Цмокаў».

Перадсезонныя гульні «Цмокі» праводзяць упэўнена: на падрыхтоўчых турнірах у Літве ды Латвіі хлопцы дамагліся перамог ва ўсіх 6 матчах. Ці працягнецца паспяховая серыя ў афіцыйных двубоях? Даведаемся неўзабаве.

Дзяніс Ганчарэнка belsat.eu