Вас звольнілі з прадпрыемства. Што рабіць?


Калі ў сталіцы сітуацыя на рынку працы больш-менш устойлівая, то пра рэгіёны такога сказаць нельга. Часам людзей, якія зарабляюць і так мізэрныя сумы, звальняюць, пазбаўляючы нават гэтай крыніцы даходу. Што рабіць, калі вы трапілі ў такую сітуацыю, да каго ісці па дапамогу? Разбіраемся ў «Людскіх справах».

Адзін з прыкладаў, які патрапіў у наш аб’ектыў – птушкафабрыка ў вёсцы Хальч Веткаўскага раёну Гомелькай вобласці. Прадпрыемства прапрацавала менш за год, пасля чаго праз пазыкi ды кепскае фінансавае становішча яго перадалi iншаму прадпрыемству – РДСУП «Беларуснафта-Асобiна». У выніку гэтых зменаў больш за 170 чалавек згубiлi працу.

Намесніца старшынi Веткаўскага райвыканкаму Наталля Буракова пераконвае, што на вуліцы нiхто не застанецца – маўляў, праз некаторы час новы ўладальнік фабрыкi зноў будзе набiраць людзей на працу. Аднак, звольненыя працаўніцы кажуць, што цяперашні ўладальнік iх не бярэ i плануе наняць людзей з мястэчка, што за 30 км ад Веткi.

Аўтары блогу «Ротарная жатка» «штурмуюць» чарговага чыноўніка

Героi другога сюжэту нашай праграмы – тры хлопцы з Гомлю, якія ўласным прыкладам дэманструюць, што ёсць сэнс змагацца за свае правы. На глебе дэкрэту пра дармаедства яны стварылі свой сатырычны youtube-канал «Беларускае поле эксперыментаў» на якім рэгулярна выходзіць перадача сацыяльнай тэматыкі «Ротарная жатка».

На публікацыі часам рэагуюць мясцовыя ўлады – i нават вырашаюць некаторыя праблемы, пра якія гавораць блогеры. Напрыклад, у адным з раёнаў гораду адрамантавалі дарогі ды залаталі ямы, а калi «Ротарная жатка» зняла стыхійную звалку, якую ўтварыў малаказавод, літаральна праз некалькі дзён звалку прыбралі.

«Нашыя паходы да чыноўнікаў выхоўваюць у першую чаргу іх саміх чыноўнікаў. У іх вельмі мяняецца светапогляд, яны не так рэзка рэагуюць на камеру», – распавядае Віктар, адзін з суаўтараў каналу.

Пра тое, як дамагчыся праўды ў сітуацыі, у якую патрапілі працаўніцы птушкафабрыкі, разважаюць эксперты ў студыі «Людскіх справаў». Андрэй Дзмітрыеў, палітык і бізнесовец, лічыць, што трэба дамагацца праўды ад дэпутатаў і чыноўнікаў, але рашэнне праблемы ў цэлым ён бачыць у правядзенні эканамічных рэформаў. Другі наш госць, Павел Стаўпінскі, кажа, абапіраючыся на свой прыклад, што трэба патрабаваць ад кіраўніцтва таго, што належыцца па законе. Мужчына пасля звальнення змог адсудзіць у былога працадаўцы 632 рублі і спыняцца на гэтым не збіраецца.

Поўнае выданне праграмы «Людскія справы» прысвечанае беспрацоўю:

«Людскія справы» глядзіце кожны чацвер а 18:55 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» , а таксама онлайн на нашай старонцы.

Пішыце нам у Facebook, Vk ды Одноклассники. Будзьце разам з намі ў суполках у Instagram ды Telegram.