Вальжына Морт прэзентавала ў Менску «Эпідэмію ружаў»


Паэтка прыехала прэзентаваць яе са Злучаных Штатаў, дзе жыве ўжо 11 гадоў – выкладае паэзію ў Карнэльскім універсітэце.

Вальжына Морт прызнае, што на сінтаксіс яе вершаў зрабіла ўплыў англійская паэзія, аднак менавіта беларускі чытач разумее вершы гэтак, як ніякі іншы.

«Напрыклад, калі я чытаю верш пра якую-небудзь бабулю ў Нямеччыне ці ЗША, якая-небудзь бабуля сядзіць у аўдыторыі і кажа: «О, пра мяне!» Але гэта не пра яе», кажа Вальжына Морт.

У кнігу ўвайшлі і старыя, і новыя вершы на англійскай і беларускай мове, аўтарка даследуе ў іх тэмы гісторыі, крыві ды часу. Пры гэтым гучанне вершаў для Вальжыны Морт не менш значнае за іх тэмы.

Рэдактарам выступіў Альгерд Бахарэвіч. Паводле яго, жыццё за акіянам і шматлікія падарожжы пайшлі паэтцы на карысць: яна пашырыла гарызонты, але засталася сабою і захавала вольнасць у выказванні. Мова паэткі – складаная, можа таму рэдагаваць яе было не так проста.

«Мне трэба было з аднаго боку захаваць яе арыгінальны, гучны, вельмі выразны голас, з другога боку прывесці гэта ў адпаведнасць з правіламі беларускай мовы. Як рэдактар я ставіўся да яе даволі ашчадна», узгадвае Альгерд Бахарэвіч.

Вальжына Морт збіраецца правесці найбліжэйшы год у Рыме – кажа, што там яна будзе пісаць, чытаць, шпацыраваць і слухаць оперу.

Марына Вашкевіч, Марыя Арцыбашава