Гарачы каментар «Валодзя, адпусці дзеўку!» Беларусы шкадуюць Насту Рыбку


Тэма, якая за апошнія некалькі дзён літаральна ўзарвала айчынны ды і не толькі інтэрнэт. Насця Рыбка, ейнае вызваленне з тайландскай турмы ды паўторны арышт ужо ў маскоўскім аэрапорце «Шарамецьева».

Некаторыя кажуць – столькі шуміхі ні з чаго! Некаторыя карыстальнікі пішуць, што тут няма нават чаго абмяркоўваць – прастытутка, расейскі алігарх – што тут цікавага? Між іншым, шмат хто з беларусаў спачувае нашай зямлячцы. Карыстальнік Мікалай Дзнэладзэ піша на «Фэйсбуку»:

«Мне падаецца, сутнасць гэтай гісторыі не ў Насці Рыбцы. А ў тым, што расейскі алігарх зрабіў замову. І зараз дзяўчыну (пляваць, чым яна займаецца) згнаяць у турме. Наступным разам гэта ўжо можа быць і не Насця Рыбка, а звычайны чалавек».

Шкада Насцю Рыбку і карыстальніку Фэйсбуку Аляксандру Бульбашову:

«Сур’ёзна! Мне шкада гэтую маладую дурніцу. І я спадзяюся, што з ёй усё будзе добра, і яна паспее вярнуцца ў Беларусь жывой і здаровай да пачатку прэзідэнцкай кампаніі. І калі яна вырашыць браць удзел у выбарах, то я буду галасаваць за яе. Чаму? Бо Насця – сумленны чалавек і не хавае, што яна звычайная прастытутка, чаго нельга сказаць пра шмат якіх іншых кандыдатаў».

Між іншым, прагаласаваць за Насцю Рыбку Бульбашоў у бліжэйшай будучыні наўрад ці зможа, бо тая ўжо адхрысцілася ад сваіх прэзідэнцкіх амбіцыяў, а значыць, не створыць канкурэнцыю Аляксандру Лукашэнку. У выніку кіраўнік Беларусі нават заступіўся за дзяўчыну перад Уладзімірам Пуціным. Што праўда, толькі ў нібыта падслуханай журналістам Радыё «Свабода» Алесем Пілецкім размове.

«Валодзя, адпусці дзеўку!» – кажа Лукашэнка ў імправізаваным дыялогу.

Затрыманне беларускі Анастасіі Вашукевіч, больш вядомай як Наста Рыбка, незаконнае, лічаць аўтары адпаведнай петыцыі. У звязку з гэткаю сітуацыяй беларусы збіраюць подпісы ў інтэрнэце за высылку амбасадара Расеі з тэрыторыі Беларусі ды адкліканне беларускага амбасадара з Масквы. Пад зваротам у Адміністрацыю прэзідэнта, а таксама ў Міністэрства замежных справаў Беларусі на сайце «Утульны горад» падпісалася ўжо амаль 200 асобаў. Размаўляем з аўтарам петыцыі, блогерам Яўгенам Ліпковічам.

belsat.eu

Фота: REUTERS, Tatyana Makeyeva / Mikhail Metzel, TASS / FORUM

 

Глядзі таксама
Каментары