Вайна пачнецца без абвяшчэння. «Прасвет» з Алінаю Коўшык


Як танна і бяспечна знішчыць расейскі танк? Наш эксклюзіўны рэпартаж з выставы зброі ў Польшчы. 31 краіна, 624 фірмы. Пасля Парыжу ды Лондану гэта трэцяя паводле велічыні выстава абарончай прамысловасці ў Еўропе. А адбываецца яна ў суседняй з намі краіне. Беларускіх фірмаў на кірмашы не было, але афіцыйная дэлегацыя падзею не абмінула. Сяргей Пеляса і Дзяніс Дзюба разбіраліся як палякі ды ўкраінцы дзеляцца досведам у абарончай сферы.

Іншыя тэмы выдання:

Як прымусіць палюбіць старога дыктатара?

Мінулы тыдзень быў няпросты для сталых гледачоў дзяржаўных беларускіх і расейскіх тэлеканалаў. Мы пабачылі, як бяззменны кіраўнік Беларусі з уласных палеткаў з дапамогаю эскорту прывабных дзяўчат назбіраў ажно шэсцьдзесят тонаў бульбы. А нашым усходнім суседзям без папярэджання паказалі новую гадзінную праграму Уладзіміра Салаўёва Масква. Крэмль. Пуцін.Як стала вядома ў сераду, Крэмль збіраецца ўсур’ёз узяцца за прапаганду. Усевалад Шлыкаў

«Вайна пачнецца без абвяшчэння, але да яе будзе ўнутраны канфлікт». Інтэрвʼю з Аляксандрам Алесіным пра пачатак вялікай вайскова-штабной гульні ў Беларусі.

Сем з паловай тысячаў вайскоўцаў, 260 адзінак бранятэхнікі, каля 30 самалётаў і верталётаў – гэтакія сілы будуць задзейнічаныя ў камандна-штабных вучэннях, што распачаліся ў Беларусі 6 верасня. Што будуць адпрацоўваць беларускія вайскоўцы падчас такога маштабнага мерапрыемства і ці сапраўды гэта дэманстрацыя моцы суверэннай краіны? Пра гэта Зміцер Міцкевіч запытаў вайсковага аглядальніка Беларусі Аляксандра Алесіна.

Што ў меню кавярні «Сепар»?

Часовы кіраўнік «Данецкай народнай рэспублікі» выконваў свае абавязкі менш за тыдзень. Гэтак званая «пракуратура ДНР» абʼявіла прызначэнне Дзмітрыя Трапезнікава незаконным, а Масква вырашыла паставіць на ягонае месца Дзяніса Пушыліна. У матэрыяле пра тое, што чакае ДНР, Дзяніс Дзюба сабраў парады па выжыванні для Трапезнікава, але іх можна адрасаваць і ягонаму наступніку.

Пуцін выціскае канкурэнтаў з Сірыі

Сірыйскай пытанне зноў на парадку дня. Урадавыя войскі Башара аль-Асада пры падтрыманні расейскай авіяцыі распачалі наступ на правінцыю Ідліб. Гэта апошняя буйная тэрыторыя, непадкантрольная сілам сірыйскага дыктатара. Поўнамаштабная атака на аплот апазіцыйных сілаў можа канчаткова знішчыць супраціў, які трываў у Сірыі апошнія 7 гадоў. Вольга Жарнасек.