Вайна пачалася з інсцэніроўкі


У першай серыі ўзнаўляюцца падзеі з 1 верасня 1939 года да 22 чэрвеня 1941 года. Эксперты – доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук і кандыдат гістарычных навук Ігар Кузняцоў

Ці памятаеце вы, што Другая сусветная вайна пачалася з інсцэнавання нападу на радыёстанцыю?

«Белсат» падрыхтаваў цыкл адмысловых выданняў праграмы «Даты праўды», прысвечаных 80-м угодкам пачатку адной з самых трагічных падзеяў у гісторыі чалавецтва. Аўтар і рэжысёр цыклу Вячаслаў Ракіцкі звяртае ўвагу, што для беларусаў вайна пачалася амаль за два гады да той, якую ў СССР назвалі Вялікай Айчыннай.

31 жніўня 1939 года Гітлер падпісаў дырэктыву аб нападзе на Польшчу. Увечары нямецкія спецслужбы правялі правакацыйную аперацыю «Гімлер» у гарадку Гляйвіц на нямецка-польскай мяжы. Эсэсаўцы ў польскай форме пад кіраўніцтвам штурмбанфюрэра СС Альфрэда Наўёкса інсцэнізавалі захоп радыёстанцыі.

У эфіры на фоне стрэлаў яны звярнуліся да слухачоў на польскай мове з заклікам аб’ядноўвацца і біць немцаў. Дзеля большага праўдападабенства гестапа прывезла сюды ж некалькі вязняў з канцлагеру Дахаў, якіх пераапранулі ў польскую форму, расстралялі і пакінулі ў лесе, дзе іх пасля знайшла мясцовая паліцыя.

Напад інсцэнавалі для таго, каб ускласці віну за пачатак вайны на польскі бок. І праз некалькі гадзін, 1 верасня 1939 года, Вермахт ударыў па Польшчы, у складзе якой знаходзілася Заходняя Беларусь. У Войску Польскім служылі каля 70 тыс. беларусаў. А ў першыя ж дні вайны нацысты бамбавалі гарады з беларускім насельніцтвам.

На чыім баку і ў імя чаго ваявалі беларусы? Адкуль у СССР магло з’явіцца ажно 140 тысяч польскіх шпіёнаў, і чаму гэтая лічба не здзіўляла савецкіх грамадзянаў? Колькі насамрэч было партызанаў і каго падтрымлівала мясцовае насельніцтва? Дзе ў падручніках праўда, а дзе – міф?

Адказы на гэтыя пытанні вы пачуеце ў цыкле «Датаў праўды». Глядзіце штонядзелю а 19:40 праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў архіве на нашай старонцы.