«У кулуарах кажуць, што калі нападзе Расея, НАТО можа выкарыстаць ядравую зброю першым»


Перабежчык Лукашэнка распачаў ліцвінізацыю Беларусі і збіраецца вырваць краіну з «русского мира» ды перакінуцца на Захад. Крамлёўскія прапагандысты перапісваюць антыўкраінскія штампы на беларускі лад, а эксперты спрачаюцца: маляванне гэта новага ворага ў вачох РФ ці дэманстратыўны бізун Лукашэнку. Усё больш рэальным выглядае і сцэнар вайсковай інтэрвенцыі на тутэйшыя палеткі.

Пасля разгортвання расейскае базы на памежнай Браншчыне стала вядома і пра намер Крамля ўжо сёлета даставіць у нашую краіну больш як чатыры тысячы вагонаў зброі ды войскаў нібыта для ўдзелу ў супольных вучэннях. Тым часам яшчэ ў снежні летась Лукашэнка ўхваліў праект пагаднення, якое дазволіць падраздзяленням спецыяльнага прызначэння Расеі браць удзел у контртэрарыстычных аперацыях на тэрыторыі Беларусі.

Ці рыхтавацца нам да ўварвання Расеі ў Беларусь? Пра гэта – нашая тэледыскусія «Два на два».

Кіраўнік аналітычнага праекту «Belarus Security Blog» Андрэй Паротнікаў лічыць, што рэальнай пагрозы агрэсіі няма: «На сённяшні дзень Расея не мае ні сілаў, ні сродкаў, каб ажыццявіць уварванне ў Беларусь».

Прычым, паводле эксперта, нападу не плануецца і на краіны Балтыі: «Пра тысячы вагонаў вядома, так насамрэч, толькі са словаў расейскага боку. Гэта можа быць спроба псіхалагічнага і палітычнага ціску на беларускае кіраўніцтва і дэманстрацыя Захаду таго, што трэба дамаўляцца не з Беларуссю, а з Расеяй. Гэта абмяжоўванне поля для знешнепалітычных манеўраў Менску».

Ваенныя адмыслоўцы ў краінах НАТО на сённяшні дзень таксама не разглядаюць усурёз перспектыву расейскай інвазіі, гаворыць Паротнікаў. Але на ўсякі выпадак альянс да канфрантацыі рыхтуецца:

«У тым ліку […] у кулуарах абмяркоўваецца сітуацыя, пры якой НАТО можа выкарыстаць ядравую зброю першым, у выпадку ўварвання на тэрыторыю адной з краінаў-чальцоў», – заўважае Паротнікаў.

Што, калі не ваенная ўварванне? Дырэктар Цэнтру стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў Арсен Сівіцкі разглядае два сцэнары, як Масква можа сябе паводзіць далей. «Першы: узмацняць ціск – і эканамічны, і ваенна-палітычны, і інфармацыйны, каб падарваць волю Аляксандра Лукашэнкі захаваць рэальны суверэнітэт і незалежнасць. І іншы сцэнар – калі праводзіцца спецаперацыя па змене рэжыму. Гэта не будзе такое ўварванне, як на Крым ці ва Украіну…»

Падрабязнасці – у відэа вышэй.

Тэледыскусію «Два на два» глядзіце кожную сераду а 21:25 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), а таксама, а таксама онлайн на нашай старонцы.

ІА, belsat.eu