Узбекістан раўняецца на «Барсэлону». Як жыве юнацкі футбол у Еўропе і Азіі


У сталічным футбольным манежы распачаўся турнір для юнацкіх футбольных зборных Кубак развіцця. Ён ладзіцца ў Менску ўжо 16-ты раз.

Сёлета ў спаборніцтвах юнацкіх футбольных зборных Кубку развіцця не бяруць удзелу каманды Расеі ды Украіны, якія найчасцей у ім перамагалі. Ды і колькасць гасцей скарацілася: раней за галоўны прыз змагаліся 12 зборных, цяпер – толькі 8.

Нацыянальная зборная Бельгіі ачольвае рэйтынг ФІФА. Яе юнацкія каманды – таксама сярод лідараў у Еўропе і ў цэлым свеце. Бельгійцы могуць сабе дазволіць мець некалькі паўнавартасных складаў футбалістаў-юнакоў. Адзін з іх прыехаў на сёлетні Кубак развіцця ў Менску:

«У нас ёсць асноўная юнацкая зборная, дзе сабраныя найлепшыя гульцы свайго ўзросту. Аднак мы таксама маем праект для футбалістаў, якія выглядаюць трохі горш, але могуць выдатна паказаць сябе ў будучыні. Сёння ў нашым складзе было шмат такіх гульцоў. Звычайна ў асноўны склад яны не трапляюць, але тут мы даем ім шанец паказаць сябе», – кажа Дэвід Пэнэман, асістэнт трэнера юнацкай зборнай Бельгіі.

Для Беларусі мець некалькі складаў юнацкай зборнай – сапраўдная раскоша, што ўжо казаць пра нацыянальную. Пра крызіс у нашым дзіцячым футболе кажуць не першы год. Праўда, цяперашняе скліканне каманды U-17 паказвае сябе крута. Хлопцы, якімі кіруе Андрэй Скарабагацька, прабіліся ў элітны раўнд чэмпіянату Еўропы. Галоўны трэнер зазначыў, што Федэрацыя футболу камандзе дапамагае, але ў рэгіёнах з маладымі футбалістамі працуюць без адзінай сістэмы.

«У нас ёсць акадэмія, якая ўключае чатыры ўзросты. Ёсць праграма. А ў вобласцях кожны клуб выбірае ўласную сістэму. Федэрацыя ім нічога не навязвае. Калі ў рэгіёнах добра будуць працаваць, то і агульная карціна будзе зусім іншай», – тлумачыць Андрэй Скарабагацька.

У першым матчы Кубку развіцця беларусы ўпэўнена разбілі супернікаў з Узбекістану – 4:1. Дарэчы, гэтая каманда, паводле яе трэнера Азамата Абдураімава, аддае перавагу еўрапейскаму стылю гульні, хоць і рэпрэзентуе азіяцкую краіну.

«Мы ездзілі глядзець, як працуе акадэмія іспанскай «Барсэлоны», галандскага «Аяксу». Стараемся ўзяць найлепшыя ўзоры трэнавальнай працы менавіта адтуль», – зазначае Абдураімаў.

Грузія ды Ізраіль – яшчэ дзве краіны на скрыжаванні Еўропы і Азіі. Абедзе, як і Узбекістан, развіваюць свой юнацкі футбол паводле еўрапейскіх стандартаў. У Ізраілі нават паклікалі на дапамогу спецыялістаў з Аўстрыі.

«Аўстрыйцы, якія працуюць супольна з нашаю федэрацыяй, дапамагаюць ізраільскім юнакам змяніць свой менталітэт і погляд на футбол. Яны вучаць нашых маладых футбалістаў быць агрэсіўнымі на полі ды заладаванымі на атаку», – гаворыць Салех Хасармі, галоўны трэнер зборнай Ізраілю U-17.

Дарэчы, адна з прыкметаў еўрапейскага выхавання футбалістаў – адсутнасць жорсткага патрабавання выніку. У нашых рэаліях ад перамог падначаленых часта залежыць фінансавы дабрабыт дзіцячых трэнераў, таму яны прымушаюць юнакоў браць медалі любым коштам. А ў той жа Грузіі дзецям да пэўнага ўзросту дазваляюць гуляць проста ў сваё задавальненне.

Акрамя згаданых зборных, за прызы Кубку развіцця змагаюцца яшчэ Фінляндыя, Ісландыя і Таджыкістан. Пераможца вызначыцца 25 студзеня. Дарэчы, летась наймацнейшымі на хатнім турніры сталі беларусы.

Дзяніс Ганчарэнка belsat.eu