Уцёк з Беларусі за 24 гадзіны, змяніў 3 прафесіі. Гісторыя эмігранта ў Барсэлоне


Павел Кірылёнак 5 разоў пачынаў новае жыццё. Чарговы бізнес ён заснаваў за некалькі месяцаў да эпідэміі каронавіруса.

«Новае жыццё я пачынаў фактычна чатыры разы, магчыма, нават пяць разоў, – распавядае Павел. – Гэта дзве эміграцыі – спачатку ў Прагу, потым у Барсэлону, і тры новыя заняткі, калі я пераставаў займацца тым, чым я займаўся (мяне гэта пераставала цікавіць), і пачынаў рабіць нешта абсалютна іншае, новае».

Павел пакінуў Беларусь у 1999 годзе, яшчэ студэнтам. З’ехаў літаральна за 24 гадзіны, бо яго чакала крымінальная справа за ўдзел у палітычных акцыях. 10 гадоў таму пераехаў у Барсэлону, дзе заняўся арганізацыяй тураў па Каталунні. Так ён пазнаёміўся з віннаю вытворчасцю і пастанавіў заснаваць вінную краму.

«Тут, у Міжземнаморʼі, гэта вельмі важны фактар, – тлумачыць сваё рашэнне Павел. – Тут для людзей вельмі важна добра падʼесці, штосьці смачнае выпіць, гэта для іх важней, чым набыць дарагі аўтамабіль ці дарагое адзенне».

Да каранціну Павел з задавальненнем паказваў турыстам унікальныя крамы і самабытныя вінарні.

«Я хачу паказаць, як набываюць віно звычайныя каталонцы для паўсядзённага спажывання [кошт бутэлькі – € 2. – Заўвага belsat.eu]. – распавядае Павел здымачнай групе. – Яно купляецца без бутэлькі – на разліў. Тое віно, якое пʼецца проста за звычайным абедам, кожны дзень. Яго ніхто не дэгустуе, не аналізуе. Віно, якое пʼецца як… вада, можна сказаць».

Цяпер суровыя каранцінныя захады зрабілі немагчымым утрыманне крамы, але Павал не здаецца. Як ён выжывае падчас эпідэміі каронавіруса, глядзіце ў першым сюжэце праграмы «Беларускі свет».

Таксама ў праграме «Беларускі свет»:

  • Наталля Буцневіч раскажа, як навучылася прыслухоўвацца да сябе, знайшла любімы занятак і перамагла тугу мужа – Антоньё Таяра Муннёса, які вельмі засмуціўся праз суворы рэжым ізаляцыі, уведзены на Канарскіх астравах.

Праграма «Беларускі свет» выходзіць на «Белсаце» па аўторках а 19:05. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.