«Усё стабільна, але дэбільна». Што на самой справе Лукашэнка пажадаў беларусам?


Аляксандр Лукашэнка хваліўся дасягненнямі ўжо мінулага 2016 года. Ды ўсклаў вялікія надзеі на наступны 2017-ы. Са словаў кіраўніка, год мае стаць пераломным ды дасць магутны імпульс для развіцця краіны.

Калі слухалі навагодні зварот Лукашэнкі, то можна было паверыць, што Беларусь – рай, у якім развіваецца прамысловасць, квітнеюць навука і культура, будуюцца дарогі, а дзяржава ўсё робіць для людзей. А ў новым годзе зажывем яшчэ лепш: больш працоўных месцаў, вышэйшыя заробкі, ды ўсім будзе шчасце. Атрымаўся суцэльны аптымізм.

Навагодні зварот кіраўніка Беларусі каментуе палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Ці адчулі вы сябе жыхаром беларускага раю?

Слухаючы прамову, я заўважыў, што спічрайтэры думалі пра тое, каб акуратна ўставіць у яго тлумачэнне, чаму краіна дэ-факта знаходзіцца ў крызісе. Сам крызіс на версе не хочуць прызнаваць, але відавочна па сваіх кашальках людзі бачаць, што ўзровень зніжаецца. Ніхто не звярнуў увагу, што лідар сваіх суайчыннікаў назваў закладнікамі. Даволі пікантна для святочнай прамовы. Нібыта мы сталі закладнікамі эканамічнай сітуацыі нашых партнёраў. Маецца на ўвазе Расея, бо яна таксама ў стагнацыі. Але не толькі таму гэтая агаворка. Зноў была зроблена спроба перакласці віну на вонкавыя чыннікі, хоць прычыны знаходзяцца ўнутры Беларусі, таму што яе мадэль не рэфармаваная.

Тады трэба сказаць, што мы закладнікі Аляксандра Лукашэнкі і яго сістэмы?

Калі больш дыпламатычна казаць, то сённяшняя сітуацыя была фатальная прадвызначана той палітыкай, якая вялася апошнія 20 гадоў. Калі Лукашэнка прыйшоў, меў альтэрнатыву – пачынаць рэформы але выбраў варыянт нічога не ламаць, а проста скарыстацца формай «нафта і газ узамен на інтэграцыйныя пацалункі». Схема доўга працавала, але сёння бачна, што Крэмль гэту формулу адкінуў. Свет пайшоў у эру высокіх тэхналогіяў, а Беларусь загрузла ў Саўку.

Кіраўнік кажа, што ўсё стабільна.

Як некалі спяваў адзін гурт: «Усё стабільна, але дэбільна». Сёння гэта беларуская мадэль троху стрымлівае ад падзення, але мы бачым паўзучую дэградацыю краіны. Стабільнасць – важная рэч, але тут працуе комплекс чыннікаў, што няма сацыяльных хваляванняў, таму што беларусы аглядаюцца на Украіну і не хочуць катаклізмаў і страляніны. Захад таксама змяніў падыход.

Стабільнасць у Беларусі падманлівая, лічыць Аляксандр Класкоўскі.

«Не страляюць, не ірвуцца снарады, але паглядзіце наколькі абясцэніўся рубель, якая шалёная інфляцыя ў мінулыя гады. Лукашэнка ўжо двойчы даваў беларусам па «пяцьсот», двойчы абвальваўся рубель. Баюся, што ў 2017-ым, калі зноў пачнуць друкаваць пустыя грошы, гэта будзе пагражаць Беларусі фінансавым абвалам».

Больш глядзіце ў «Гарачым каментары».

ДР belsat.eu