Усё, што мы ведаем пра забойства 22-гадовага інспектара ДАІ з Магілёва


Яўгену Патаповічу было ўсяго 22 гады. І ён меў дабірацца на месца ДТЗ аўтаспынам. Пазней нібыта паведаміў праз Вайбер, што едзе ў чорнай Волзе з расейскімі нумарамі, у якой знаходзяцца трое цыганоў. Праз некалькі гадзінаў пад Магілёвам было знойдзеная цела са слядамі здзекаў.

Міліцыя шукае забойцаў. А інтэрнэт засыпаюць каментары і меркаванні. Гэтак памочнік дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Ганны Канапацкай Дзяніс Ціханенка піша ў сябе на Фэйсбуку:

«Не месціцца ў галаве вось што: як пры такіх бюджэтных выдатках на МУС інспектар ДАІ самастойна дабіраецца на месца ДТЗ фактычна пешкам».

Памочнік дэпутаткі ўзгадвае гісторыю, калі ягоны таварыш прасіў яго быць панятым па адной справе ды потым вёз затрыманага ў РАУС на тралейбусе. Але пры гэтым на палітычных акцыях шмат тэхнікі, бароняць і статую гарадавога. Дзяніс Ціханенка гаворыць, што міністр Шуневіч «толькі за гэта павінен сысці ў адстаўку».

Таксама гэтая трагедыя выклікала і хвалю нянавісці да міліцыянтаў ды амаль не словы «гэтак і трэба». Жахліва. Бо гэта чалавек, у якога толькі пачыналася жыццё. Вядомы палітык Анатоль Лябедзька піша:

«Сон розуму… У мяне асабіста ёсць 1001 падстава для незадавальнення тым, што і як робяць сілавікі ў Беларусі, але нельга апускацца да мыслення нелюдзяў з «эскадрону смерці».

Падобна кажа і галоўная рэдактарка Хартыі-97 Наталля Радзіна:

«Не разумею і не прымаю злараднага аналізу дзеянняў і стану беларускае міліцыі ў сувязі з забойствам супрацоўніка ДАІ. Так, міліцыянеры ў нашай краіне выконваюць каральныя функцыі. Але ж забойства чалавека – гэта не нагода дзеля разбору палётаў. Давайце іх абмяркоўваць, калі яны ў чарговы раз перавысяць паўнамоцтвы ці парушаць закон, а не калі іх забіваюць такім жахлівым чынам».

А вось былы следчы Алег Волчак, ды і не толькі ён, задаецца іншым пытаннем:

«А ці была чорная «Волга»? Калі чалавека выкрадаюць і забіваюць, яму не да паведамленняў праз «Вайбер». Не выключана, што чорная «Волга» – хлуслівы след».

Сапраўды, «Волга» – прыкметная аўта. Таксама шмат пытанняў, што да працэдураў даезду супрацоўніка ДАІ. Нашыя пытанні – да Валерыя Юдзіна, былога супрацоўніка ДАІ:

«Інспектар ДАІ – той жа ўчастковы інспектар, толькі на дарозе, сектар ягоных паўнамоцтваў вельмі вялікі. Ён і рэгулюе дарожны рух, і ахоўвае грамадскі парадак, і афармляе ДТЗ. Пры мне не было выпадкаў, калі ў нарад выходзілі па адному…»

Ці вы бачылі, каб супрацоўнікі ДАІ працавалі па адным? Дзе самотныя ДАІшнікі найчасцей стаяць? Ці супрацоўнік ДАІ можа справіцца са сваймі абавязкамі сам, без калегі? Адказваюць жыхары Магілёва.

У сувязі са здарэннем, у Магілёве масава затрымалі мужчынаў-цыганоў. Ці гэтак павінны дзейнічаць міліцыянты? Гэтыя пытанні да эксперта Алега Гулака з Беларускага Хельсінскага камітэту.

belsat.eu

Фота: афіцыйны сай Следчага камітэту РБ