«Усе беларускамоўныя – гэта наша радня»: як патрыётка вядзе бізнес на вёсцы


Праграма «Вяскоўцы» пазнаёмілася з вясковай бізнес-лэдзі і навучылася рабіць клёцкі з душамі.

Спадарыня Юлія Бука з вёскі Валодзькава Глыбоцкага раёну выкупіла разам з супольнікамі некалькі хат у сваім родным селішчы і стварыла аграсядзібу «Родны край». Шмат хто з наведнікаў прывозіць сюды сваіх дзяцей, каб яны пачулі беларускую мову ў натуральным асяроддзі.

«Для беларускамоўных гасцей мы робім зніжку ў 20%. Я лічу, што ўсе беларускамоўныя – гэта наша радня. Нас так мала. Таму нам трэба падтрымліваць адно аднаго», – кажа спадарыня Юлія.

Гаспадыня аграсядзібы падкрэслівае, што прытулак у яе можа знайсці кожны беларускамоўны чалавек, які трапіў у бяду і якому няма куды падзецца. «Калі ты шчыры беларус, але па-беларуску дрэнна размаўляеш – усё роўна можаш да нас прыехаць», – адзначае жыхарка Валодзькава.

Спадарыня Юлія корміць гасцей разнастайнымі мясцовымі стравамі. Адна з цікавінак – гэта суп з бацвіння. Некалі за любоў да бацвіння нашых продкаў суседзі нават называлі «бацвіннікамі». Праўда, гасцей з некаторых рэгіёнаў гэта вельмі здзіўляе, бо, як кажуць, бацвінне ў іх даюць толькі на корм жывёле.

Вядоўца праграмы «Вяскоўцы» Віктар Шукеловіч разам са спадарыняй Юліяй прыгатаваў іншую традыцыйную страву – «клёцкі з душамі». Гэты пачастунак некалі вельмі ўразіў гасцей з Расеі, якія выелі толькі мясную «душу», пакінуўшы бульбяную абалонку.

Часам здараюцца парадаксальныя выпадкі, прызнаецца спадарыня Юлія, калі ўлетку да яе прыязджаюць гараджане і просяць: «Вы там занадта нічога не рыхтуйце. Хопіць пальцам пханай кілбасы і квашанай капусты». Насамрэч у вёсцы кілбасу рыхтуюць толькі ўзімку, калі колюць парсючка. На зіму квасяць таксама і капусту, якая да лета з’ядаецца.

Праграму «Вяскоўцы» глядзіце кожную сераду а 18:35 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы. І сачыце за намі ў Facebook.