Упершыню Беларусь на армію дасць больш грошай, чым на міліцыю. «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою


У Беларусі найменшы бюджэт на абарону сярод усіх суседзяў, але ўпершыню за шмат гадоў на армію запланавалі больш грошай, чым на міліцыю.

Што памянялася? І каму выгадна пусціць вялікія караблі па Прыпяці ды ці выгадна гэта Беларусі? Як справа дыскваліфікацыі Расеі падзяліла беларусаў? Як палякі абмяжуюць гандаль у нядзелю і чаму беларусы не супраць? Пра гэта сёння ў праграме «Прасвет».

Беларусь – аўтсайдар сярод суседзяў па выдатках на абарону

Ледзь не ўсе нашыя суседзі-сябры НАТО, калі не сёлета, то налета падцягнуць свае вайсковыя выдаткі да патрэбных 2% ад бюджэту. Рэкордны вайсковы бюджэт прыняла Украіна. Нашыя паўднёвыя суседзі гатовыя выдаць на абарону ажно 5% усяго бюджэту дзяржавы. А што Беларусь?

Пасля няспыннага скарачэння абаронных выдаткаў, налета Мінабароны атрымае на чвэрць больш сродкаў, чымся сёлета. Ці не ўпершыню вайскоўцы атрымаюць больш грошай, чым праваахоўнікі. Як узбройваюцца суседзі і як гэта робіць Менск? Усевалад Шлыкаў.

Эканаміст: Паўдзікую Прыпяць хочуць пераўтварыць у канал

У апошнія тыдні актывізаваліся размовы аб праекце «аднаўлення» воднай трасы Е40. Паводле канцэпцыі, з Балтыйскага ў Чорнае мора па рэках Беларусі паплывуць вялікія статкі. Справа падзяліла беларускія ўлады. Ці можна аднавіць тое, чаго не было? Наколькі эканамічна абгрунтаваны гэты праект ды як паўплывае на экасістэму Палесся? Інтэрв’ю са Святаславам Валасюком, беларускім эканамістам, які працуе ў Цэнтры Экалагічнай эканомікі Варшаўскага ўніверсітэту і займаецца аналізам праекту Е40.

Каму патрэбная новая рэвалюцыя Саакашвілі

Акцыя як у галівудскім фільме: уцёкі на дах, арышт і ў выніку гвалтоўнае вызваленне з рук спецназу. Надзвычай гарачым гэты тыдзень быў ва Украіне. У цэнтры падзеяў – былы прэзідэнт Грузіі ды экс-губернатар Адэскай вобласці Міхэіл Саакашвілі. Палітык на волі і заклікае сваіх прыхільнікаў пратэставаць, пакуль прэзідэнт краіны Пятро Парашэнка не сыдзе ў адстаўку. Вольга Жарнасек.

Рэдактар «Трыбуны» пра дыскваліфікацыю Расеі: Яны не зрабілі ніякіх высноваў

Адхіленне Расеі ад удзелу ў Зімовых алімпійскіх гульнях падзяліла беларусаў: адныя з дыскваліфікацыяй пагадзіліся, а іншыя – супраць. А якой была афіцыйная рэакцыя Менску на гэты скандал? Інтэрв’ю Ігара Кулея з Алегам Гаруновічам, галоўным рэдактарам спартовага парталу «Трыбуна».

Дзіўна, але беларусы – за абмежаванне нядзельнага шопінгу ў Польшчы

У Польшчы вольная ад працы нядзеля з вясны 2018 г. паступова будзе станавіцца і вольнай ад гандлю. Як, калі і што будзе закрыта ў гэты дзень, а таксама, што рабіць беларусам – у рэпартажы Дзяніса Дзюбы ды Ігара Кулея з польска-беларускага памежжа.